Шаладонаў, І.
МЕЛАНХАЛІЧНЫ МАСТАЦКІ ТЫП ГЕРОЯ
Ў АПОВЕСЦЯХ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Для кожнага значнага пісьменніка заўсёды важнай і актуальнай задачай паўставала праблема распазнання і паказу анталагічна-быційных і сацыяльна-грамадскіх выклікаў свайго часу, выяўлення дамінантных духоўна-эстэтычных заканамернасцей іх праяўленасці.
Уважліва засяродзіўшыся на даследаванні творчай манеры празаічнай спадчыны Максіма Гарэцкага, можна амаль без перабольшання сказаць, што ў цэнтры яго светапогляду знаходзіўся меланхалічны тып героя. Чалавека крызіснага, пераходнага перыяду двух стагоддзяў, з выразнымі рысамі нацыянальнай беларускай ментальнасці.
У гісторыі сусветнай культуры меланхалічны тып героя набыў значную папулярнасць і выражанасць у розныя эпохі. Гэта і байранаўскі Чайд-Гарольд з яго англійскім сплінам, і пушкінскі Яўген Анегін з рускай хандрой. У галерэю «лішніх людзей» яскрава ўпісваюцца і такія героі, як лермантаўскі Пячорын з рамана «Герой нашага часу», ганчароўскі Абломаў з аднайменнага рамана.
Часта меланхолію асацыіравалі з інтэлектуальнай адоранасцю. «Чаму ўсе вялікія людзі меланхолікі?» — задаваў пытанне Арыстоцель і сам сабе адказваў: меланхолікам уласцівая незвычайная празарлівасць і інтуіцыя. Меланхолія можа спускацца ў бяздонныя глыбіні цемры і змроку і лунаць да зіхоткіх вяршынь свету.
На нашу думку, менавіта Максім Гарэцкі ў айчынным прыгожым пісьменстве стаў першаадкрывальнікам меланхалічнага тыпу характару героя, галоўныя героі яго твораў Лявон Задума, Ігнат Абдзіраловіч, Клім Шамоўскі, Кастусь Зарэмба выяўляюць выразную светапоглядную канцэпцыю, у аснове якой ляжыць меланхолія як пазітыўная, суб’ектыўна гарманізаваная сфера пачуццёвых і душэўных настрояў, разваг, якія з’яўляюцца неадменнымі праваднікамі ва ўнутраны свет асабовай самаідэнтыфікацыі, ажыццяўляюць экзістэнцыядьны прарыў у структуру нацыянальнага архетыпу.Так, у зачыне аповесці «У чым яго крыўда?» пісьменнік, ствараючы партрэт галоўнага героя, падае даволі трапную характарыстыку эпохі: «Праўда, і ў справах веры быў Лявон Задума дзіцяцем свайго часу, — часу між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт ці, проста кажучы, — павагу, уваччу нават малых дзяцей». Вось гэтая прастора пагранічнасці, якая паўстае ў часавым зрэзе жыцця, шмат у чым і адбіваецца на характары героя, яго развагах, паводзінах і ўчынках.
Будучы «дзіцяцем» крызіснага, пераходнага перыяду, Лявон вельмі тонка адчувае і перажывае працэс пералому, расколу свету, прастору памежнай неадназначнасці ў вырашэнні надзённых калізій жыцця. Трапіўшы ў сацыяльна-экзістэнцыяльны зазор існавання, «паніч сярод сялян» і «сялянскі сын сярод шляхты» Задума не можа не адчуць і зразумець дыскамфорт жыцця, раздвоенасць свайго душэўнага становішча. Гэта разарваная душа справакавана многімі акалічнасцямі нацыянальнага, псіхалагічнага і побытавага характару жыццядзейнасці.Найпершая і вызначальная рыса характару героя — гэта павышаная прага роздуму, жаданне бачыць свет у дзвюх праекцыях, існым і ідэальным варыянце. У працэсе шырокага асваення анталагічнай і антрапалагічнай праблематыкі ў пазнанні лёсу беларуса М. Гарэцкі мэтанакіравана стаў на шлях паглыбленага псіхалагізму, пошуку «карэнняў» душы чалавека, што і стала прычынай яго асаблівых адносін да неардынарных паводзін герояў, іх эмацыйных перажыванняў і душэўных станаў у працэсе сацыяльна-грамадскіх узаемаадносін.
Эстэтычнае і мастацкае асваенне феномена меланхоліі, думаецца, адыграла вызначальную ролю ў фарміраванні філасофскай, антрапалагічнай лініі творчасці М. Гарэцкага. Даследаванні сітуацый страты чалавекам душэўнай раўнавагі даволі шырока пададзены і раскрыты ў духоўна-маральнай прасторы многіх твораў пісьменніка.
Найбольш плённа і поўна асэнсаваць праблему і асаблівы характар меланхалічнага тыпу герояў празаіка можна, даследуючы яго творчасць у жанры аповесці. Ужо сама назва шмат аб чым нам можа сказаць: «Меланхолія», «Дзве душы», «У чым яго крыўда?», «Ціхая плынь», «Што яно?».
Меланхолія — гэта найперш з’ява культурная, мастацкая, эстэтычна-духоўная. Слова паходзіць ад melas — «чорны» і chole — «жоўць» і перакладаецца як «чорная жоўць». Па аналогіі з іншымі вадкасцямі, якія прымаюць удзел у жыццядзейнасці чалавечага арганізма, — крывёй, сліззю і інш. Праз меланхолію пісьменнік ці герой твора заўсёды моцна пакутуе пры бачанні беспрасветнага непарадку, дысгармоніі, той несправядлівасці, якая пануе ў соцыуме, усяляк імкнецца самаізалявацца ад ціснучай яго несвабоды.
У агульным культуралагічным значэнні паняцце меланхоліі мае тры найбольш вызначаныя прапазіцыі самавыяўлення: настрой, пачуццё і хвароба.
Як пачуццё меланхолія можа выражацца і называцца па-рознаму праз такія спецыфічныя настроі, як падаўленасць, туга, сум, маркота, журба, смутак, нуда, засмучэнне, хандра, сплін, сусветная скруха. Не адно з іх у пэўных межах не лічыцца праявай хваробы чалавека. Агульнай для душэўнага стану часцей за ўсё выступае праблема страты чалавекам чагосьці вельмі важнага ў жыццёвым ці светапоглядным плане.
Меланхоліі як псіхалагічна-настраёваму сіндрому можа быць падвержаны не толькі асобны індывід, але і групы, класы і нават цэлыя грамадствы на пэўным гістарычным прамежку часу. На калектыўным узроўні праяўленасці яна можа быць рэакцыяй на сацыяльную, расавую, нацыянальную неўладкаванасць. Добра вядома, што музыка амерыканскага поўдня (блюз), была своеасаблівай рэакцыяй на эксплуатацыю афрыканскіх неграў, вывезеных са сваёй Радзімы, і з’яўлялася яскравай праяўленасцю агульнага настрою негрыцянскага насельніцтва Амерыкі XVII—XX стагоддзяў.
На наш погляд, мінорны экзістэнцыяльны стан душы беларуса .пачатку XX стагоддзя выразна засведчыла мастацкая спадчына ўсяго нашаніўскага перыяду. Асабліва яскрава гэтая тэма прагучала ў 1913 годзе, калі на старонках «Нашай нівы» ўслед за артыкулам «Сплачвайце доўг», які апублікаваў Юры Верашчака, узнікла вядомая дыскусія пра шляхі развіцця беларускай паэзіі.
Нельга адмовіць аўтару ў тым, што ён адчуў некаторую аднабаковасць тагачаснай паэзіі, якая нярэдка паступалася сваімі эстэтычнымі магчымасцямі ў імя першачарговых сацыяльных задач.
У адказ на выступленне Ю. Верашчакі Янка Купала публікуе ў «Нашай ніве» свой артыкул «Чаму плача песня наша?» (за подпісам «Адзін з “парнаснікаў”»), у якім рашуча адстойвае дэмакратычны кірунак мастацкай творчасці, значна шырэй, чым яго апанент, вызначае доўг перад народам. Паэт бачыў галечу і ўціск, якія панавалі ў родным краі, і не лічыў магчымым ігнараваць і помніць пра свае грамадзянскія абавязкі. Асабліва цікавай з’яўляецца тая мясціна ў артыкуле, дзе Купала выказвае свае ўяўленні пра асобу, талент і сэнс паэтычнай творчасці.
«Думка паэта вольная, — пісаў ён, — як вецер, і безгранічная, як даль гэта ўсясветная, сэрца яго напоўнена вечным мілаваннем к бліжняму, як сонца вечным цяплом і святлом, а душа яго глыбокая, як гэта мора-акіян, у глыбінях каторага крыюцца багатыя, недасціпныя чалавечаму воку скарбы. З гэтага святла і агню, што палае ў сэрцы, і з гэтых скарбаў, што крыюцца ў глыбіні душы яго, патрапіць паэта свабоднай думкай дабыць усе хараствы свету і ўсе асалоды жыцця людскога на гэтым свеце і перадаць усё гэта ў бессмяротнай песні свайму народу».
Аднак глыбінныя псіхалагічныя карані гэтай мінорнай настраёвасці характару беларуса з найбольшай псіхалагічнай моцай, нам думаецца, імкнуўся перадаць і выразіць менавіта М. Гарэцкі, асабліва праз прыём адлюстравання меланхалічнага эмацыйнага фону разваг, думак і дзеянняў галоўных герояў сваіх твораў.
Так, у аповесці «Меланхолія» пісьменнік падае нам вобраз Лявона Задумы, юнака тонкай натуры, чулага, уражлівага, унутрана-засяроджанага, які шмат разважае над сэнсам жыцця. Меланхолія высвечвае адносіны паміж чалавекам і акружаючым яго светам, соцыумам і прыродай. Амаль заўсёды ёй адпавядае пачуццё адзіноцтва і непрыняцця існуючага парадку рэчаў. Часта яна — толькі прычына, повад, каб паглыбіцца ў свой унутраны душэўна-духоўны стан. Менавіта так развіваецца асоба неардынарная, задача якой — вылучыцца з асяроддзя, пераадолець наваколле «абыйдзенасці».
Імануіл Кант сцвярджаў, што прычынай меланхоліі з’яўляецца перажыты вопыт канечнасці ці «сутнасць душы, якая пакутуе ад сваёй абмежаванасці», душы, якая імкнецца да Абсалюту, падвержана метафізічнай настальгіі. Адзіноцтва пры гэтым успрымаецца не як адвержанасць, а як свядомае вызваленне ад агрэсіўных і злобных умоўнасцей соцыуму. Гарэнне душы герояў М. Гарэцкага становіцца стылем і спосабам жыццёвага выбару, на кантрасце і супраціўленні з ганебнай лёгкасцю існавання асноўнай людской масы, адпаведным чынам дэманструе сваё крытычнае стаўленне да пошлых умоўнасцей грамадства.
Думкі аб тленнасці чалавечага жыцця даводзяць героя да стану смутку і тугі, больш жа за ўсё яму шкада самога сябе. У душы кіпяць моцныя эмоцыі. Ад набягаючых думак і эмоцый хочацца плакаць, ад крыўды за сваю бездапаможнасць ён гатовы пайсці на самыя адчайныя дзеянні і ўчынкі. Павышаная разважлівасць, уласцівая герою-меланхоліку, як вір зацягвае і перамолвае ўсё тое, што трапляецца на яго шляху.
Меланхолія — гэта псіхічны стан чалавека, які надзелены вышэйшым статусам судакранання з творчасцю, з самарэфлексіяй, дзе асоба сама працуе на яго выбудову, праяўляючы пры гэтым вытанчаную пачуццёвасць, ранімасць, пагарду да сябе, страх і бяздонную трывогу і мучэнне, даследаванне вельмі тонкіх нюансаў пачуццяў і эмацыянальных станаў.
Меланхолік па сваёй прыродзе найчасцей успрымае акружаючую рэчаіснасць як агрэсіўную сутнасць, якая не дазваляе яму да канца рэалізавацца. Ён страчвае магчымасць адчуць сваю злітнасць са светам ідэала, не знаходзіць сябе і гібее ў марыве будзённасці і бездухоўнасці.
Меланхолія можа яшчэ праяўляццца як псіхічная і фізічная слабасць, недахоп жыццёвай энергіі, стомленасць і падаўленасць, што садзейнічае праявам нерашучасці, палахлівасці, сумневу, песімізму, часта правакуе мройнасць і цягу да навязлівых уяўленняў і трызненняў. Такія формы праяўленасці характару герояў гавораць аб тым, што падчас крызіных гістарычных эпох, калі хуткасна ідзе хаатычны працэс змен і злому старых усталяваных форм жыцця, чалавеку становіцца вельмі цяжка і складана вызначыцца. М. Гарэцкі ў сваіх аповесцях выразна даводзіць думку, што атмасфера меланхоліі з’яўляецца яскравым сведчаннем настрою беларускага чалавека пачатку XX стагоддзя, калі бурлівыя падзеі сусветных разбурэнняў і ператрусаў садзейнічалі ператварэнню духоўнай структуры людзей, вызначальнымі пачуццямі станавіліся страх і трывога за сябе і свет. Тыповае для перыяду памежжа вякоў напружанне і стомленасць чалавечага патэнцыялу трэба лічыць, на думку пісьменніка, вынікам крызісу асобы, заняпаду працэсу самаідэнтыфікацыі чалавека, грамадства, нацыі, абумоўленага імклівымі працэсамі секулярызацыі, індустрыялізацыі і мадэрнізацыі грамадства.
Меланхолія разам са сваімі спадарожнікамі — смуткам, тугой, марнасцю і страхам — выяўляе глыбіннае бачанне свету, стан «высокіх мучэнняў душы», які характарызуюцца максімальнай культурай амбівалентнасці. Яна цесным чынам знітавана на кантрасце цемры і святла, адзіноты, разумовага зацьмення і прасвятлення. Меланхолія часта ўтварае прастору, дзе ўнутранае «я» ўсвядомлена ці неўсвядомлена можа знайсці сабе затворніцкую свабоду, душэўную аддушыну, часовае прыстанішча, адухоўленае сховішча. Амаль заўсёды меланхолія і яе спадарожнікі сведчаць аб канфлікце паміж чалавекам і навакольным светам.
Літаратурныя творы і тэксты маюць інтэграваны характар праяўлення чалавечых узаемаадносін. У іх пачуцці і станы душы чалавека знаходзяць моўную адпаведнасць, абалонку і фарміруюць суб’ектыўную рэальнасць, якая ў сваю чаргу можа ўзнаўляць гістарычную рэальнасць пэўнага часу. Выражэнне намераў і эмоцый — важнейшыя складнікі любога сацыяльнага жыцця. Менавіта праз іх рэалізуецца чалавек, асоба. Драбнейшыя нюансы пачуццяў і перажыванняў часта выражаюць і вызначаюць, хто ты на самай справе. Менавіта пачуцці найбольш адэкватна і дакладна выконваюць для нас камунікатыўную функцыю, з’яўляюцца найбольш надзейным сродкам перадачы інфармацыі аб рэчаісным. З дапамогай пачуццяў чалавек умацоўвае для сябе сацыяльны статус і робіцца тым, кім ён хоча быць у сапраўднасці.
Пачуцці вельмі часта наглядна дэманструюць нам характар, нават сацыяльны статус: чым высакародней і прыстойней чалавек у сваіх думках і ўчынках, тым болып складанейшай і далікатнейшай становіцца яго эмацыянальна-пачуццёвая арганізацыя і структура. Без уліку сацыяльнага фактару цяжка зразумець і вызначыць залежнасць пачуццяў індывіда ад стану грамадства і наадварот.
Рамантычны меланхолік XX стагоддзя — гэта чалавек, які ведае сабе кошт, і разам з тым ён унутрана разрываецца паміж самалюбаванем і сумневам, апісвае свае сумненні так, каб яны выглядалі больш цікава і займальна, чым падчас душэўнай раўнавагі. Меланхолія выступае як творчы стан пісьменніка, які балансуе на мяжы святла і цемры, экзальтацыі і дэпрэсіі. Герой часта з’яўляецца прататыпам неардынарнай, унікальнай асобы. Можна заўважыць, што сваім меланхалічным тыпам героя М. Гарэцкі шмат у чым адкрыў у айчыннай прозе псіхалагічны характар беларуса, вельмі шырока выкарыстаў унутраную напружаную мову.
Меланхолія ў кантэксце іншых эстэтычных перажыванняў і пачуццяў герояў вызначае як яго свядомасць, так і ўвесь строй пачуццяў. Элегічная пранікнёнасць прозы М. Гарэцкага напоўнена пачуццём асаблівага тонкага адчування і перажывання «прыгажосці» і «ўзвышанасці», паколькі менавіта ў іх «адлюстраванні» ён бачыў адну з галоўных задач мастацтва. Дасягненню гэтай творчай задачы, на думку празаіка, павінен садзейнічаць своеасаблівы прысутны і дадзены яму «інстынкт такта і густу аўтара». Меланхолія не станавілася тоеснасцю паняццям прыгожага і агіднага, а раскрывалася найперш як своеасаблівае эстэтычна-духоўнае перажыванне, якое ў асноўным было матывавана маральна-філасофскай і светапогляднай пазіцыяй лірычнага Героя ці самаго аўтара.
У творчасці М. Гарэцкага меланхалічная эмацыйная дамінанта часта ўзмацняецца нарастаннем псіхалагічнай канкрэтыкі, што апраўдана прыводзіць героя да лірычнага судакранання з пластычнасцю і дынамізмам карцін прыроды. Рэалістычная дамінанта свядомасці героя выключае для яго магчымасць поўнай залежнасці ад памежнага стану меланхалічнасці, робіць такія перыяды жыццёвага перажывання ў большай ступені змрочнымі і тужлівымі, чым прыемнымі і радаснымі.
У аповесці «Меланхолія» аўтар раскрывае і развівае тэму смерці, якую ён распачаў яшчэ ў сваіх ранніх апавяданнях. Пісьменнік прыходзіць да разумення смерці як шчасця, якое даруе Бог чалавеку, бо толькі праз смерць ляжыць шлях у царства ісціны. Герой-меланхолік ахутаны «благадатным жахам» перад таямніцай смерці, глыбакадумна схіляе галаву перад яе веліччу і вялікасцю паняцця бяссмяротнасці, якое ўвасабляецца, як неад’емная будучыня, за ганкам смерці. «Мілыя, дарагія часы маленства! Колькі страху набраўся ля таго моста, ходзячы адзін позна вечарам са школы, колькі настаўнік кідаў да цёмнага за дуронства. Мост — могільнік — два пераходы, на якіх баяўся Лявон і глядзець у бакі, хоць дужа цягнула зірнуць. Так пазнаваў ён свет у сваім маленстве».
Сапраўдная меланхолія — прадукт моцных пачуццяў і захапленняў. У яе два галоўныя складнікі — бязмежны страх і бяздонны адчай. Успамінаючы на вясковых могілках любімы вобраз свайго дзеда, Лявон Задума, стоячы каля яго крыжа, вядзе душэўна-інтымную гутарку з самім сабой. «Адзелі цябе ў кашулю чыстую, падперазалі тонкаю стужкаю; у лапцікі слабенькія, не носкія, абулі цябе, рукі табе злажылі пад галоўку, хустачку завязалі, рукі жоўта-васковыя; падлажылі пад галоўку падушачку лісцяную; астатнім цалаваннем цалавалі цябе, — і ляжы вечны спакой! ... I ўсё згінула, мінулася, расліна вырасце... Чаму не скажаш, ці ёсць там што, чаму? — Страшная твая загадка».
У чалавеку, вядома, адначасова прысутнічае і д’ябальскі, і боскі пачатак. Чалавек можа зрабіць выбар на карысць таго ці іншага. Той, хто ператварыўся ў жывёлу, пазбаўлены пакутаў быць і захоўваць сябе чалавекам. Героі аповесцей М. Гарэцкага ўсімі фібрамі сваёй душы суперажываюць і мучаюцца ад кожнай недасканаласці свету, якія ім падаюцца толькі сігналам для ўключэння душы, сэрца і розуму ў працэс неспатольнай працы па паляпшэнні прыроды светабудовы і самога чалавека.