Славамір Адамовіч

Лісты да Максіма Гарэцкага, альбо ХРАНАЛОГІЯ ЮБІЛЕЮ


ЛІСТ ПЕРШЫ

г.Менск 16 лютага 1993 году

ДЗЕНЬ ДОБРЫ, МАКСІМЕ!

З-за штодзённай беганіны невядома дзеля чаго й навошта забыўся я на такую шчырую форму людскіх узаемінаў, як ліставанне. Спадзяюся, аднак, што Ты мне прабачыш, бо я тым часам выпраўляюся.

На днях рэдактар даў каману з’ездзіць у Горкі, дзе павінны адзначаць сотыя ўгодкі з дня Твайго нараджэння. Ехаць трэба заўтра.

Сёння перачытваю некаторыя рэчы з Твае “Хрыстаматыі беларускае літэратуры”.

“Як дарагому вобразу, як памятку на магілку ў чужыне...” пасвячаў Ты гэтую кнігу светлай памяці сястры сваёй, Ганны Гарэцкай.

Таксама і я пасвячаю мае лісты Табе, Настаўнік, Табе, Маэстра слова:, цераз якое Ты так балюча-тонка й праўдзіва выказаў беларускую душу. Ніхто іншы, але Ты цалкам свядома і на поўны голас пачаў прамаўляць словы “беларускі рух — беларуская ідэя — беларушчына”. Ты паказаў іх семантыку, Ты стаў іх вытваральнікам, Ты даў нашчядкам магутную зброю беларускую нацыянальную ідэю!

Даруй мне за гэты пафас, але што ж і без яго? Твае “Развагі і думкі” ўліваюць энергію Духу ў маю грэшную арганічную абалонку...

Толькі нешта вярэдзіць мне душу перад тым святкаваннем.

Хадзі здаровы, на разе!

Твой удзячны вучань...


ЛІСТ ДРУГІ

г.Горкі 17 лютага (серада), вечарам у гатэлі

ДОБРЫ ВЕЧАР, МАКСІМ ІВАНАВІЧ!

Сёння быў дзень заезду. Тоўкся каля сталічнай філармоніі гадзіны тры, чакаючы аўтобусаў. Мусіў слухаць, як кумкаюпь па-расейку музыканты-філарманісты, ілюмінаты музыкальнай культуры ў масы. Ніхто з іх не ведае толкам, куды яны едуць. Адзін, праўда, буркнуў, што, напэўна, у Мядзель, на юбілей “нейкага пісьменніка”.

Дальбог жа, хацеў ужо ўцякаць, не паехаць, але падыйшоў Уладзімір Панада, фотака-рэспандэнт газеты “Літаратура і мастацтва”. Стала весялей. Ен таксама едзе ў Горкі. Едуць карэспандэнты з “Голасу Радзімы”, “Звязды”(так, той самай, якая пры Табе выходзіла па-расейску), нават з газеты “Кнігарня” ёсць прадстаўнік.

Нарэшце з’явіліся аўтобусы. Пакуемся. Рушылі...

Як ні дзіўна, паказальнікі на дарогах выкананы па-беларускай амаль без памылак. Мінаем Відэршчыну, Пагосцік, Туравічы, Роскі Сялец, Пугляі, Есіпава, Зубры, Рэкту... У гэтых найменнях — мы, наша Беларусь, за якую так смылела і Твая душа. I як стрэмкі ў здаровым целе — назвы калгасаў: “Гігант”, “Дзімітрава”, “Камінтэрн”... Перлы мінулай эпохі.

У Горкі прыехалі па абедзе. Спыніліся каля будынку раённага аддзелу культуры. Тут жа нехта з мясцовых куратараў свята прыкнопіў на стэндзе плакат з Тваёю выявай і “план асноўных мерапрыемстваў”. Раней, відаць, не было часу гэта зрабіць.

Пасялілі нас у мясцовым гатэлі, у нумарах, якія выдаюць хутчэй на дзоты часоў другой сусветнай ці на турэмныя лёхі, чымся на жытло для вольных людзей.

А можа, гэта жарт архітэктара?

Ужо цямном прайшліся з У. Панадам па цэнтры гораду. Я набыў у кіёску томік Борхэса (зразумела, што ў перакладзе на расейскую пецярбургскага выдавецтва “Северо-Запад”), мясцовыя “Могилёвские ведомости” і “Ратушу”. Вечарам чыталі ў “МВ” інтэрв’ю з ... М. Дземянцеем, колішнім старшынёю Вярхоўнай Рады Беларусі. Між іншым ён скончыў некалі БСГА, а завяршылася ягоная кар’ера ў дзевяноста першым. I тым не менш гэтым палітычным адстаўніком мясцовыя журналісты прапануюць карыстацца пры вырашэнні нашых сённяшніх дзяржаўных задач.

Якраз у сераду вечарам па расейскім тэлебачанні дэманстравалі фільм Станіслава Гаварухіна “Россия, которую мы потеряли”. Глядзелі з Уладзем без асаблівага энтузіязму. Здаецца, зрабіць такую кінастужку ёсць яшчэ большыя прычыны ў нас, беларусаў?

За вячэраю згадалі Цябе, Максім Іванавіч.

Бывай, пакуль што!

Заўжды Твой пакорны служка...


ЛІСТ ТРЭЦІ

г.Горкі 18 лютага (чацвер)

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МАЭСТРА!

Добры, сапраўды добры сёння дзянёк! Сняжок. Яснота над Горкамі. Але настрой падпсаваўся, як толькі пераступіў я парог чацвертага корпусу Беларускай сельгасакадэміі. У вестыбюлі — традыцыйны белы (можа быць і іншага колеру) бюст Леніна, толькі жывых кветак ля яго і не хапае. Вышэй, злева на сцяне — ягоны партрэт, справа барада Маркса. I дзесці збоку, на дошцы аб’яваў — плакацік з нагоды Твайго юбілею. Ушанавалі, называецца.

А дзесятай раніцы ў аўдыторыі Твайго імя, пра што сведчыць памятная дошка, распачаліся Другія Гарэцкія чытанні. Адкрыў іх рэктар сельгасакадэміі Вячаслаў Шаршуноў. На пінжаку — белчырвона-белы значок. Аняго ж.

I як у іх, у чыноў ных людзей, усё ўжываецца: Лепін, Маркс, Твае ўгодкі, бел.мова — каты і ахвяры — усё разам!

Ці не таму, што без цара ў галаве ўсё робіцца?

З дакладам “Максім Гарэцкі ў ”Архіпелагу ГУЛАГ “выступіў Радзім Гарэцкі. Потым – доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі, рэдактар той кніжкі, у якой змешчаны, Твая аповесць “Дзьве душы”, апавяданні, п’еса, “Жартаўлівы Пісарэвіч”, літаратурная крытыка і публіцыстыка, лісты.

Міхась Восіпавіч прамаўляў даволі ўсхвалявана, што, зрэшты, нядзіўна. Занадта доўга мусіў чалавек гаварыць эўфемізмамі ды напаўголасу.

Пасля пленарнага пасяджэння ішла праца па секцыях.

А палове пятай надвечар адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку БСГА. Зрабіў бронзавую памятку малады скульптар Валеры Янушкевіч.

На адкрыцці прысутнічалі нашы сталага і сярэдняга веку пісьменнікі: Янка Брыль, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Віктар Карамазаў, Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец.

Паэт Сяргей Законнікаў паведаміў у кароткай прамове, што ў другім нумары часопісу “Полымя” за гэты год будуць надрукаваны Твае “Скарбы жыцця”.

Сёння ж у доме культуры БСГА прайшлі Рэспубліканскія ўрачыстасці. Бралі ўдзел пісьменнікі, міністры і намеснікі міністраў, прадстаўнікі мясцовай улады. Было многа словаў, пасля якіх мусілі выступаць тыя музыкі з філармоніі, але мы з калегам не сталі чакаць іхняга “канцэрту” і сышлі ў гатэль.

Ах жа, зусім забыўся! Учора ў кавярні да нашай тройцы (скульптар В. Янушкевіч, фотакарэспандэнт Ул. Панада і Твой пакорны служка) падсеў пруткі як на свае гады чалавек, рэкамендаваўшыся супрацоўнікам магілёўскага аддзелу Беларускага інфармацыйнага агенцтва. Мы ўтрох гаварылі пра сваё, калі незнаёмец стаў нам хваліцца, што дэпутаты магілёўскай гарадской рады прапанавалі далучыць сваю вобласць да Смаленскай (якая, каб ты ведаў, належыць цяпер да Расіі) і такім чынам вырашыць эканамічныя праблемы. Гэткае спавешчанне старога жэўжыка зусім нас не ўсцешыла. Тады ён пачаў заводзіць нэндзу пра тое, што Беларусь ніяк йе зможа без Расіі г.д.

Тут нашу тройцу ўзарвала, прыйшлося суседу прыціхнуць.

Нервовая была вячэра ў гатэльнай кавярні. Усё, як некалі пры табе...

Такія мае навіны.

(...)


ЛІСТ ЧАЦВЁРТЫ

г.Горкі 19 лютага (пятніца)

ДАБРЫДЗЕНЬ, МАКСІМ!

Вось і адбыліся Твае сто гадоў. Сёння на дварэ зноў холадна і змрочна. Святкаванні працягваюцца. Тваім імем назвалі Горкаўскую райбібліятэку. Толькі што яе наведалі госці.

У Малую Багацькаўку едзем з Ул. Панадам на якімсьці куртатым аўтобусіку. З намі — маладыя бібліятэкаркі з Берасцейшчыны. Відаць, што яны з нашага, новага пакалення, якому будаваць вольную Беларусь. Між іншым, паказальнікі на дарозе — старыя, адбітыя па-расейску. Не спяшаецца мясцовае начальства праводзіць дэрусіфікацыю.

На мяжы Горацкага і Мсціслаўскага раёнаў (пры Табе ўжывалі людчэйшае, цяплейшае слова — павет) аўтобусы з удзельнікамі свята спыніліся дзеля неабходнага ў такіх выпадках рытуалу з хлебам-соллю.

А вось і Малая Багацькаўка. На месцы старой хаты, пад саламянаю стрэшкай якое сто гадоў таму назад знайшоўся Ты, мы пабачылі новую, з добрага дрэва і пад шыферам. Трэба прызнаць, што нашчадкі сумленна папрацавалі, каб на Твае ўгодкі адкрыць у ёй паўнавартасную экспазіцыю.

У музеі было не прабіцца за гасцямі і багацькаўцамі — усе хацелі пагрэцца ў хаце каля нацепленых печаў, пакаштаваць бульбачкі, зваранай у чыгуне. Гараджанам цікава было пабачыць старадаўнія рэчы, пагаварыць з вяскоўцамі.

Мушу запэўніць Васпана, што менавіта малая Багацькаўка стала кульмінацыйным пунктам юбілейных урачыстасцяў, бо толькі тут, на святым месцы Твайго нараджэння, сярод Тваіх нашчадкаў-аднавяскоўцаў яшчэ захавалася шчырасць, аўтэнтычнасць таго Беларускага Духу, якога ўхапілі Твае грудзі. Вось ён і надаваў нязмушанасці, непадробленасці святу ў Малой Багацькаўцы. А завяршылася яно ў Мсціславе праглядам дваццаціхвіліннага фільма пра Цябе і — святочным абедам у тамтэйшай рэстарацыі. Прызнаюся, мы зноў крыху ўзялі ў гонар Тваёй памяці. А яшчэ таму, што за вакном — лютаўскі зэс, чакала зваротная дарога, і постаць старога з бярозавым вехцем чамусці бянтэжыла і ўзрушала.

Зрэшты, гэта ўсё.

Бывай!

Як заўжды, Твой...


ЛІСТ ПЯТЫ

г. Менск 20 лютага (субота)

ДОБРЫ ДЗЕНЬ!

Магчыма, гэты ліст ужо лішні. Хапіла б і тых. Аднак пішу, пішу. У панядзелак трэба здаваць матэрыял рэдактару. I гэтыя вестачкі да Цябе — усяго толькі форма, стыль падачы матэрыялу.

Сёння набыў другую кніжку “Полымя” за гэты год. Якое багацце! Успаміны Паўліны Мядзёлкіі — твае “Кіпарысы”, “Лявоніус Задумекус”... Божа мой, божа, — шапчу.— Якая моц! Вось дзе наша філасофія, наша беларуская Псіхея! Але я пачаў ужо больш пра сябе, таму завяршаю мае пісьмёны. Пайду чытаць і перачытваць Тваё.

А сапраўднае, непадробнае свята — веру — наперадзе. Свята спраўджанага нацыянальнага Адраджэння, якое ты набліжаў сваёй працай, за якое...

... I тады мы зможам адказаць на пытанне: “Аткуля ўсё і што яно?”

Будзь з намі!