Радзім Гарэцкі
Пасмяротнае вяртанне на Бацькаўшчыну
Для нашага роду люты — асаблівы месяц: 18 лютага, 105 гадоў таму, нарадзіўся Максім Іванавіч, а 10 лютага, 60 гадоў назад — ён быў расстраляны. Ужо пасля забойства пісьменніка, але ў дзень яго нараджэння ў 1944 г., на фронце загінуў ягоны сын Леанід, а праз год — 13 лютага ад тыфу памёр яго бацька — Іван Кузьміч.
Праз некалькі дзесяткаў гадоў забыцця да людзей вярнулася імя Максіма Гарэцкага, якога літаратуразнаўцы (Алесь Адамовіч, Міхась Мушынскі, Зміцер Бугаёўі інш.) вызначылі як класіка беларускай літаратуры. Янка Брыль неаднойчы падкрэсліваў, што мы маем трох народных Максімаў — Багдановіча, Гарэцкага, Танка.
Час памятае ўсё. З памяці народнай нічога не знішчыш.
1993 год быў аб’яўлены ААН годам Максіма Гарэцкага ў знак 100- годдзя з дня яго нараджэння. Прайшлі многія яго вечары, чытанні, пасяджэнні, канцэрты, выставы ў Нью-Йорку (ААН), Парыжы (ЮНЕСКО), Мінску, Горках, Мсціславе і іншых гарадах. Былі адкрыты мемарыяльныя дошкі ў Мінску і Горках, помнікі ў Вязьме і Мінску. Імя пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Мсціславе і раённая цэнтральная бібліятэка ў Горках. Пачалі працаваць музей-сядзіба ў Малой Багацькаўцы на яго радзіме і кабінет-музей у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Выйшлі з друку многія творы, у тым ліку — двух- і пяцітомнік. Яго творы прыйшлі ў школу — нядаўна тры кнігі выдадзены ў серыі «Школьная бібліятэка». Створаны фонд імя братоў Гарэцкіх.
Максім Гарэцкі нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Малая Багацькаўка — ціхім куточку Мсціслаўшчыны — у мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацькі — Іван Кузьміч і Ефрасіння Міхайлаўна — былі непісьменнымі. Абодва роды мелі моцныя карані: бацька Івана пражыў 100 гадоў, а прадзед Ефрасінні — 115. Максім з дзяцінства прагна цягнуўся да ведаў. Ён на выдатна закончыў двухкласную школу, настаўніцкія класы і Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча.
Максім Іванавіч пражыў не надта доўгае (усяго 45 гадоў без 8 дзён), але нялёгкае жыццё. Калі яму быў 21 год, пачалася першая сусветная вайна і ён быў адпраўлены на фронт, дзе неўзабаве яго цяжка параніла. За бой 27 снежня 1914 года пад Аленбургам узнагародзілі яго Георгіеўскім крыжам 4 ступені. У арміі прабыў амаль 4 гады. У 1922 годзе быў двойчы арыштаваны белапалякамі і сядзеў у адзіночцы турмы Лукішкі ў Вільні за пракамуністычную дзейнасць.
Амаль адначасова ў Маскве арыштавалі малодшага брата Максіма — Гаўрылу, які быў студэнтам Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, арганізаваў Беларускую культурна-навуковую асацыяцыю стаудэнтаў, вельмі актыўна працаваў у напрамку нацыянальнага адраджэння Беларусі. Сястра братоў Гарэцкіх — Ганна, якая толькі паступіла ў Зоатэхнічны інстытут, несла ў турму для брата перадачу, трапіла пад трамвай і памерла. Гора братоў было бязмежным.
Толькі ў канцы 1923 года Максіму Гарэцкаму разам з сям’ёй удалося пераехаць у Мінск. Але ўжо ў ліпені 1930 года М. Гарэцкі трапіў у «архіпелаг ГУЛАГ» як «нацдэм», якога абвінавацілі ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі», і як польскага шпіёна. Быў арыштаваны і брат Гаўрыла.
Максіма выслалі ў Вятку, Гаўрла трапіў на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Жылося цяжка, прыйшлося працаваць землякопам, чарцёжнікам. Памерла маці, але на пахаванне братоў адпусцілі.
З восені 1935 года М. Гарэцкі па адбыцці ссылкі працаваў настаўнікам у школе пас. Пясочная Заходняй (Смаленскай) вобласці. У 1937 годзе, калі запар падбіралі недабітых у мінулыя гады «ворагаў народа», ён зноў быў арыштаваны і лютага 1938 года па рашэні «тройкі» быў расстраляны ў вяземскіх Курапатах.
Арыштавалі і Гаўрылу, але ён цудам застаўся жывым.
Калі падлічыць, дык у дарослым стане пісьменніку Максіму Гарэцкаму пашчасціла больш-менш нармальна пажыць усяго каля 13 гадоў. Найбольш спрыяльныя ўмовы для жыцця і творчасці былі ў Вільні (1919-22 гг.), дзе ён працаваў настаўнікам літаратуры і мовы ў Першай Беларускай гімназіі; у Мінску, дзе ён быў абраны правадзейным членам Інбелкульта, працаваў у саставе слоўнікавай, тэрміналагічнай, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай камісій і секцый, членам навуковай Рады Інбелкульта, выкладаў на рабфаку БДУ і ў Камуністычным універсітэце; у Горках (1926 - 1928 гг.), дзе загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
За гэтыя 13 гадоў ён напісаў кнігу «На імперыялістычнай вайне», якую ставяць побач з антываеннымі творамі Барбюса, Рэмарка; выйшлі яго галоўныя аповесці, апавяданні, нататкі, драматычныя творы: зборнік «Рунь», аповесці «Дзве душы», «У чым яго крыўда?», апавяданні «Сібірскія абразкі» і інш. Упершыню Гарэцкі склаў «Гісторыю беларускай літаратуры», якая вытрымала 4 выданні, «Хрэстаматыю беларускай літаратуры XI век—1905 год», шэраг слоўнікаў, напісаў шмат крытычных артыкулаў і г. д.
Сам вельмі музыкальны (іграў на скрыпачцы, жалейцы, балалайцы, добра спяваў), М. Гарэцкі разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым запісаў ад сваёй маці — Ефрасінні Міхайлаўны 318 песень, якія ўвайшлі у выдадзены ў 1928 г. спецыяльны зборнік «Народныя песьні з мелодыямі». У гэтыя гады Максім Гарэцкі пачаў працаваць і над раманам «Віленскія камунары» і галоўным сваім творам — «Камароўская хроніка» — эпапеяй сялянскага народнага жыцця. Першую кнігу ён змог закончыць ужо ў ссылцы ў Вятцы, а другая, так і засталася незавершанай, хаця і працаваў над ёй да апошняй магчымасці. У ссылцы ён напісаў апошнія свае творы: «Скарбы жыцця», «Кіпарысы», «Лявоніус Задумекус», якія выйшлі з друку толькі да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.
Які быў Максім Гарэцкі? Чарнявы, ладнай постаці, троху звыш сярэдняга росту, з вялікімі карымі вачыма, з прыгожым высокім ілбом. Па характару — надзвычай жвавы, уражлівы, непасрэдны, але разам з тым — цярплівы, стрыманы. Для яго характэрныя дабрыня, аптымізм, самаахвярнасць. Быў вельмі здольны: меў добрую памяць, аналітычны розум, логіку, глыбокае пачуццё, музыкальнасць. Адметнымі былі яго сумленнасць, прынцыповасць, патрабавальнасць да іншых і асабліва да сябе — таму некаторыя лічылі, што ў яго не надта лёгкі характар. Дзівіў усіх мэтанакіраванасцю. Яшчэ ў часы вучобы вырашыў звязаць свой лёс з беларускай літаратурай, з беларускім дэмакратычным рухам і нацыянальным адраджэннем, чаму ён і застаўся верным да канца сваіх дзён. Ён быў вельмі сціплы. Да ўсяго напісанага ім адносіўся вельмі строга і прыдзірліва, быў дужа працаздольны. Вялікае пачуццё абавязку, доўг перад грамадою, Радзімай, перад землякамі, роднымі былі ў яго пануючымі.
Спадчына Максіма Гарэцкага — шматграннага і самабытнага дзеяча нацыянальнага адраджэння — арганічная частка беларускай культуры. Ён не толькі адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, але і вучоны — пачынальнік беларускага літаратуразнаўства, выдатны літаратурны крытык і публіцыст, мовазнавец, перакладчык, фалькларыст, народны асветнік, педагог, рэдактар-выдавец, грамадскі дзеяч.
Максіма Гарэцкага ўсё. жыццё падтрымлівала бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны. Сваім жыццём ён пацвердзіў свае ж словы: «...ахвярую сваім «Я» ва ймя святога для ўсіх нас адраджэння».