Валерый Максімовіч
Максім Гарэцкі і экзістэнцыялізм
Праблема выбару, свабоды волевыяўлення, а поруч з гэтым адчуванне закінутасці, адзіноты, адчаю ў сітуацыі істотных зрухаў у грамадскай свядомасці і ў пачатку ХХI ст. становіцца агульначалавечай, агульназначнай праблемай. Сама “памежная сітуацыя”, якая ўяўлялася найважнейшым, канцэптуальным паняццем у межах экзістэнцыяльнай філасофскай дактрыны, зараз паступова ўніверсалізуецца, набывае сапраўды татальныя формы свайго праяўлення. Гэта ў вялікай ступені абумоўлена глабальнымі праблемамі сучаснасці, навукова-тэхнічным прагрэсам, узмацненнем франтальнай залежнасці чалавека ад непрадказальных вынікаў сваёй дзейнасці, якія здольныя прывесці да кардынальнай змены ўмоў і фактараў існавання. Негатыўныя адносіны да фундаментальных аксіялагічных установак наўпрост уплываюць на прыняцце жыццёвага выбару, на характар асабістых учынкаў і дзеянняў, на фарміраванне ўнутранага свету. Усё часцей агульны стан чалавечага існавання характарызуецца як стан крызісу, заняпаду, адыходу ад сталых жыццёвых прынцыпаў і прыярытэтаў.
Наш час у многім сугучны з пачаткам ХХ ст. — эпохай кардынальнага перагляду грамадска-палітычных і філасофска-эстэтычных пазіцый, пераацэнкі каштоўнасцей, палемічнасці, суровай крытычнасці і патрабавальнасці ў адносінах да рэчаіснасці і да самога чалавека. Гэта быў час, калі з усё большай відавочнасцю паўставала задача актывізацыі асобаснай свядомасці, пачуцця асабістай адказнасці чалавека ў агульнай плыні гістарычнага жыцця.
Эстэтычныя і духоўныя пошукі праходзілі ў розных кірунках, ахоплівалі даволі значны ідэйна-мастацкі, жанрава-тэматычны, праблемна-змястоўны абсяг. Няма важкіх падстаў прызнаваць прысутнасць дамінантнай філасофска-эстэтычнай дактрыны, школы, плыні ў межах беларускай культурастваральнай прасторы. Уласна, “філасофіяй” станавілася само жыццё з яго множнасцю ісцін, поглядаў, меркаванняў. Мэтазгодна і праўдападобна весці размову пра шматмернасць, плюралізм мастацка-анталагічнага дыскурсу, маючую месца экзістэнцыялізацыю духоўнага свету героя нацыянальнай літаратуры, наяўнасць экзістэнцыяльных матываў нароўні з іншымі мастацка-светапогляднымі праекцыямі. Тая ж экзістэнцыяльная свядомасць арганічным чынам была спалучана з іншымі формамі і відамі мастацкай практыкі, узаемадзейнічала з імі на розных узроўнях, выступаючы складовай часткай цэласнай мастацкай сістэмы пісьменніка. Гэта тычыцца і М. Гарэцкага, які, дзякуючы сваім псіхаэмацыянальным схільнасцям і светапоглядна-каштоўнасным арыентацыям, прытрымліваўся экзістэнцыяльнага філасофскага канона. Спецыфіка яго мастацкіх зацікаўленняў, адметнасць творчага дыяпазону дазваляюць знайсці агульныя кропкі судакранання з названай філасофска-эстэтычнай парадыгмай.
“Экзістэнцыяльная” лінія ў беларускай літаратуры гэтага часу праявіла сябе ў пакутлівых роздумах героя М. Гарэцкага — самарэфлексуючага, удумлівага, востра рэагуючага на празмернае жыццёвае бязладдзе. Ёмістасць і значнасць яго твораў вызначаецца іх быццёвай, субстанцыяльнай шматмернасцю, здольнасцю аўтара знаходзіць арганічную сувязь іх розных узроўняў і праяў і спасцігаць трагізм распаду гэтых сувязей, трагізм рэальнасці. Гэты трагізм перадусім звязаны з немагчымасцю дасягнення героем паўнавартаснай рэалізацыі, у выніку чаго ён адчувае горыч адрынутасці, асуджанасці на адзіноту і вымушаны заставацца сам-насам з сабой.
Чуйны да новых павеваў жыцця, мастак у сілу свайго грамадзянскага тэмпераменту не мог не закрануць праблемы дзейснасці актыўна-творчага пачатку як у асобным чалавеку, так і ў шматлікай людской масе, паказаць, гаворачы словамі У. Караленкі, значнасць асобы на глебе значнасці масы, узважыць меру асабістай адказнасці ў стыхіі безадказнасці калектыўнай. Апошняе становіцца, бадай, галоўнай, стрыжнявой задачай, цесна звязанай з ідэяй дваістасці — адпачатнай і магістральнай у творчасці М. Гарэцкага. Гэтая ідэя стала вынікам мыслярскіх рэфлексій пісьменніка на фактар прысутнасці некалькіх рознаскіраваных пачаткаў у нацыянальнай свядомасці беларуса, яго дваістага ўнутранага стану. Пісьменнік аддае перавагу такому самапачуванню, калі ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калі чалавек здольны ўлавіць сапраўдную і шматзначную дыялектыку жыцця.
Раздвоенасць душы, на якую “хварэюць” многія героі М. Гарэцкага [Клім Шамоўскі (“У лазні”), Архіп Лінкевіч (“Роднае карэнне”), Касцюк Зарэмба (“У чым яго крыўда?”), Антон Жабон (“Антон”), Ігнат Абдзіраловіч (“Дзве душы”) і інш.], — з’ява зусім не радавая, прыватна-інтымная. Яна мае пад сабою глыбінны першавыток, звязаны з агульным узроўнем гістарычнага і сацыяльнага быцця нацыі з яго пакутлівым шляхам самасцвярджэння, самаідэнтыфікацыі. Прычым вельмі выразна ў вышэй прыведзеных творах праводзіцца думка аб узаемасувязі, узаемазалежнасці адзінкавага і цэлага, прыватнага і агульнага, героя і грамады.
Максім Гарэцкі гаворыць пра беларусаў з такой трагічнай пранікнёнасцю, якая нагадвае эмацыянальна-псіхалагічную танальнасць твораў экзістэнцыяльнай скіраванасці. Незвычайнасць, неардынарнасць самой сітуацыі аб’ектыўна схіляе да таго, што канфлікт героя ўспрымаецца перадусім як канфлікт яго з самім сабой, з уласнымі думкамі, развагамі. Акрамя таго, гэты канфлікт успрымаецца не толькі ў сэнсе супрацьстаяння асяроддзю сацыяльнаму, але і біялагічнаму дэтэрмінізму, ракавой спадчыннасці ў духу натуралістычных канцэпцый. У рэшце рэшт ён зварочвае ў плоскасць несупадзення духоўных узроўняў і памкненняў наогул, г. зн. набывае субстанцыяльную накіраванасць.
Асоба героя — той пункт, тая памежная “цэнтрысцкая” лінія, на якой усё сыходзіцца, усё замыкаецца, якая прыцягвае да сябе розназараджаныя вектары руху і па меры магчымага спрабуе ўраўнаважыць іх. Функцыя-прызначэнне гэтага героя, па сутнасці сваёй, прымірэнчая, міратворчая. І гэта з улікам таго, што падобная місія паўнаважка, даастатку ім не ўсведамляецца, “ідэалагічна не праігрываецца”, а ўспрымаецца пераважна на ірацыянальным, падсвядомым узроўні.
Адна з істотных характарыстык лініі паводзін героя М. Гарэцкага палягае ў тым, што жыццёвы кодэкс героя наўпрост абумоўлены аб’ектыўнымі, “зямнымі” рэаліямі і ў многім абцяжараны яго ўласным (як правіла — няўдалым) практычным вопытам чалавечых зносін і спроб змяніць жыццё людзей да лепшага ці, зрэшты, узбудзіць у іх неадольную прагу такога жыцця. У апавяданні “Стогны душы” чытаем: “Я хачу жыць вольным жыццём — жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцця. Я хачу новага, лепшага жыцця. Я крэпка, усімі сваімі сіламі жадаю яго! Бо нездаволен, вельмі нездаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і другіх вызваліць з гэтага жыцця. Бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага... Я не хачу трываць! І не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю! Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені, ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць “паноў” і “мужыкоў””. Як бачым, герой жыве марай палепшыць свой лёс не інакш, як праз паляпшэнне лёсу іншых, але гэтая адмысловая высакародная мара пастаянна разбіваецца аб цяжкі ком жыццёвага друзу і заскарузлай інертнасці і абыякавасці людзей да яго высакародных памкненняў.
Нельга не заўважыць у падобнай пазіцыі наяўнасць прыкмет свядомасна-ахвярнага падзвіжніцтва з боку маладых адраджэнцаў, абазначанасць контураў праграмы ўнутранага дзеяння, якая, зрэшты, з-за сваёй катэгарычнасці, непасрэднай “максімалісцкай” сувязі з сацыяльна-культурнымі пераўтварэннямі і сваёй відавочнай “тактычнай” апераджальнасцю асуджана на няўдачу.
Як бы цяжка ні даводзілася герою, як бы яго ні раздзірала нязгода з родным краем (“Мой родны край, краса мая, // З табою век не ў згодзе я...”), ён ніколькі нават і ў думках не дапускае магчымасці збегчы ад гэтага “свойабразнага пекла”. Парваць сувязі з народам, адысці ад яго надзённых клопатаў і праблем азначала адрачыся ад сябе самога, стаць іншым, а значыць, папросту перастаць быць. Такая “перспектыва” глыбока яму чужая, непрымальная. Калі для рамантыкаў чалавек быў сродкам дасягнення сваіх ганарлівых памкненняў, то для М. Гарэцкага ён станавіўся мэтай, непасрэдным аб’ектам грамадзянска-працэсуальнага чынніцтва. Але ўся неардынарнасць сітуацыі ў тым, што не народ, не “старэйшы” апякуецца над меншым, малодшым, а, наадварот, малодшы апякуецца над старэйшым, і больш за тое — ахвяруе сабою дзеля блізкіх і крэўных па духу людзей.
Героі М. Гарэцкага — вялікія праўдалюбы, максімалісты, што жывуць моцнай прагай жыццёвых перамен, хоць іх мары і добрыя намеры разбіваюцца аб глухую сцяну жорсткай рэчаіснасці. І як заканамерны вынік — песімізм і расчараванасць у жыцці, якія прыводзяць часам да безвыходнасці, адчаю, духоўнай дэпрэсіі. Падобную сітуацыю назіраем у апавяданні “Рунь”, герою якога (Уладзімеру З.) даводзіцца “шукаць сабе чалавека спаміж людзей” У пачатку апавядання, якое напісана нібыта ад імя былога таварыша, прыводзіцца наступнае красамоўнае сведчанне: “Я ведаў вялікія сілы яго душы маладой і крыштальную чыстату гэтай душы.
Я ведаў... І я павінен расказаць братам беларусам, якую, можа, сілу, што была спаміж нас, страцілі мы”, падкрэсліваючы пры гэтым, што Уладзімера З. “займалі не толькі што грамадзянска-палітычныя пытанні, але і перажыванні чалавека, яго псіхалогія. Значыцца тож, любіў ён хараство, прыгажосць, хаця і не любіў паказваць таго занадта, бо па яго сумленню жыццё ў наш практычны век вымагае іншага. Але гэта быў такі рамантык. Колькі вершаў умеў ён напамяць! З беларускай жа народнай паэзіі найбольш ён любіў ціхія легенды і страшныя паданні; таксама — казкі, у каторых даводзіцца, што некалі праўда возьме верх над злом” Але ўвесь парадокс у тым, што жыццёвыя абставіны, слепата людская ўцягваюць героя ў бездань пакут, нараджаюць нуду і боль, крыўду і адчай, правакуюць на духоўнае сіроцтва.
“Нудна! Нудна!
Скуль з’явілася тая нуда ў цябе, што пад канец, у апошнія часы, так неадчэпна грызе табе сэрца і паддае ламаты і болю галаве тваёй? Чаму не маеш цікавасці жыць?
Чагосьці не хапае табе...
<…>
Уладзімерка! Ты не маеш сярод людзей чалавека, якому б раскрыў душу сваю, да якога б прыхіліўся. Можа, таму, што ты сам сабе гідак і непрыемен. Дык баішся паказацца людзём у шчырасці сваёй, у брыдоце сваёй.
А ты ж ідэаліст...
Ты ж змалку гнаўся за праўдаю...
Гаротны!”
У гэтых сведчаннях “закуліснага аўтара” — безумоўная рэальная дакладнасць, квінтэсэнцыя самой сутнасці сучаснай М. Гарэцкаму “духоўнай явы”. Момант адчужанасці, аддаленасці ад свету, ад агульнага жыцця, ад людзей — навідавоку. Чалавек, якому ад прыроды многае дадзена, які валодае зайздроснымі творчымі задаткамі, не ў стане рэалізаваць свой духоўны патэнцыял. Адсюль — і ўвесь трагізм героя, яго асуджанасць на адзіноту. “Беларуская справа”, якая толькі спарадычна згадваецца, на якую робіцца намёк, па волі аўтара заканамерна скіроўвае ў рэчышча анталагічнае, наўпрост звязваецца з праблемай індывідуальнага, асобаснага існавання.
“Праўда, што мы творым жыццё, але калі і праўда, то ці не ўсё роўна? Людзі!..
А каторыя з іх болей варты спагадання? Хто іх разбярэ?
Я заступаюся за брата-мужыка, а я ж яго не люблю, і ён жа мяне крыўдзіў болей чым хто”.
Адсюль бярэ свой першавыток “трагічны гуманізм” героя, яго “інтэлігенцкая хвароба”, якая, па сутнасці, стала вынікам хранічнай адсутнасці права на выбар. Загнаны ў “жалезную клетку” (Л. Андрэеў) безвыходнасці, не знаходзячы шляхоў вырашэння антыноміі “пан — мужык” з-за рэзка палярнага сацыяльна-класавага размежавання грамадства, герой міжволі аказваеццца між двума камянямі-жорнамі. Пастаўлены перад невырашальнай дылемай і не могучы пераступіць планку антымаральнасці, адзіным выйсцем для сябе герой бачыць самагубства.
Прызванне — “інтэлігент” — становіцца ўрэшце ракавым: “ты — сын народу”, але “рука твая не ўзнімаецца на заклятых ворагаў тваіх”. Самаапраўданнем гучаць словы героя: “Я вышэй гляджу! Жыццё!”.
Жыць антымаральна для Уладзімера З. азначала насуперак сваёй волі звярнуць на шлях пурытанства, з пазіцый “класа” асуджаць “ворагаў сваіх”, а значыць, збочыць са шляху інтэлігентнасці (чытай: гуманнасці, філантропіі). Але гэтага ён зрабіць не мог. Яму быў чужы і ўнутрана непрымальны прынцып “маралізуючага імаралізму”, г. зн. “адмоўнага маралізатарства”, які заключаўся ў фетышызацыі ідэі безагаворачнага абвінавачвання, асуджэння, у абсалютызацыі разбуральнага пачатку і катэгарычнага адмаўлення станоўчых каштоўнасцей — любові да бліжняга, супрацоўніцтва класаў, салідарнасці, права на вартае чалавека жыццё. Вось чаму ён заставаўся ідэалістам. Быць ідэалістам у такім разе азначала вітаць і прапагандаваць сваёй уласнай пазіцыяй ідэалістычны тэзіс — “свядомасць вызначае быццё”, адчуваць сваю крэўную далучанасць да цывілізацыі і культуры. Нават, здавалася б, паэтычна-імператыўнае — “а спакою мне!” — у дадзеным кантэксце мае пад сабою матываваную светапоглядную падаснову. Пры ўсім сваім глыбокім роздуме-рэфлексіі над “пытаннямі рознымі”, героі М. Гарэцкага вылучаюцца фізічнай і маральнай бездакорнасцю, цвярозым поглядам на жыццё. У іх добрая і адкрытая душа, якая можа прэтэндаваць на духоўную празорлівасць, вяшчунства. Яны па праве адносяцца да тых людзей, якія, “не маючы закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы закону, яны самі сабе закон: яны паказваюць дзела закону, у сэрцах у іх напісанае, аб чым сведчаць сумленне іх і думкі іх, то абвінавачваючыя, то апраўдваючыя адна адну”. Асновай прынцыпу паводзін героя ранніх апавяданняў М. Гарэцкага, паводле А. Пятровіча, “з’яўляецца тое, што запаведзі (правілы) Божыя напісаны ў яго сэрцы, з’яўляюцца яго сумленнем, якое кіруе ўсімі думкамі і ўчынкамі і не дазваляе рабіць благое (грэх). Сумленне з’яўляецца сур’ёзным заслонам, які перашкаджае граху авалодаць чалавечай душой, сумленне — ахоўная сістэма, якая не дапускае вераломны грэх у душу чалавека і ў яго жыццё”.
Героі Гарэцкага — рамантыкі па духу і “экзістэнцыялісты” па светаадчуванні. Усведамляючы ўсю безвыходнасць свайго становішча, яны тым не менш не адракаюцца ад сваёй мэты бескарыслівага служэння бацькаўшчыне: “Але не адракацца, не быць здраднікам. А любіць, шанаваць родную бацькаўшчыну павінен, доўжан...” Услед за гэтымі словамі, якія належаць Кліму Шамоўскаму, — зігзаг маланкавага запытання: “А страшна яно, роднае... чым?..” Можа, і тым, што ніколі нельга чакаць ад яго, роднага, адназначнага адказу, пэўнага імператыву, нельга цалкам на яго пакласціся, даверыцца без аніякай шкоды для сябе. Таму што гэтае роднае — у адначассі шматлікае, шматаблічнае, як міфічны Янус, здольнае да дзіўных і непрадказальных метамарфоз. Таму і даводзіцца шкадаваць Архіпу Лінкевічу, “што людзі сляпыя такія” А перадвыток гэтай слепаты — трагедыя людзей, што змушаны супраць уласнай волі жыць па канонах навязанага чужой воляй закону. І традыцыя, “архаіка”, нават спалучаная з нецывілізацыйнымі формамі жыцця, — магчымасць не растраціць даастатку, не згубіць сябе.
Максіму Гарэцкаму, як вядома, давялося стаць непасрэдным удзельнікам Першай сусветнай вайны, прайсці праз горан суровых выпрабаванняў і нягод. Убачанае і перажытае балюча вярэдзіла памяць і свядомасць мастака, прымушала яго наноў задумвацца над праблемай псіхаэмацыянальнага пачування і паводзін чалавека ў жорсткіх абставінах вайны. Пісьменнік як непасрэдны ўдзельнік вайны здолеў перадаць яе антычалавечую сутнасць не толькі ў рэалістычным, але, так бы мовіць, і ў эмацыянальна спасцігальным ракурсе, прасачыў працэс паступовай страты цэласнага светаўспрымання, разбурэння сістэмы звышпачуццёвых, ментальных каштоўнасцей у іх традыцыйных формах. Ён паспрабаваў выявіць надзвычай складаны комплекс пачуццяў чалавека на вайне, дзе ў супярэчлівым адзінстве перапляліся свядомае і падсвядомае, рацыянальнае і ірацыянальнае, нізкае і высокае, гуманнае і антыгуманнае.
Ваеннае ліхалецце, паводле глыбокага пераканання пісьменніка, прыносіць шмат фізічных пакут і яшчэ больш пакут духоўных, маральных. Разбуральны, антычалавечы характар вайны пераканаўча паказаны ў апавяданнях “Рускі” (1915), “На этапе”, “Генерал” (абодва — 1916) і ў адным з лепшых твораў М. Гарэцкага на тэму вайны — апавяданні “Літоўскі хутарок” (1915). Вайна нікога не шкадуе: калечацца чалавечыя лёсы, трагічна абрываюцца маладыя жыцці, крышацца надзеі на ўратаванне, на вяртанне ранейшага ўкладу жыцця. Ліхая навала вайны не абышла і сям’ю хутарскога гаспадара Яна Шымкунаса. Незваротна страчаны гаспадарскі набытак, нанесена глыбокая псіхалагічная, душэўная рана дачцэ Монці. Героі, якія аказаліся ў эпіцэнтры ваенных баталій, сталі заложнікамі сітуацыі, вымушаны цярпець ганебны здзек і прыніжэнне чалавечай годнасці, рызыкаваць сваім жыццём. Яны не могуць спадзявацца хоць на нейкую літасцівасць, спагадлівасць, людскае абыходжанне. Страшны малох вайны няўхільна робіць сваю справу, дратуе і нішчыць усё, што трапляецца на яго шляху. Фінал твора адкрыты. Але сама жудасная атмасфера здранцвення і гібелі ўсяго жывога, сітуацыя адчаю і безвыходнасці, якая цяжкім бярэмем павісла над уцалелымі цудам жыхарамі злашчаснага хутара, не пакідае надзеі на тое, што людзям удасца захаваць свае жыцці ў гэтай беспрасветнай калатнечы і неапраўданых нічым чалавеказабойствах.
Суровая праўда пра вайну, сапраўдная існасць ваенных выпрабаванняў раскрыты М. Гарэцкім у дакументальна-мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”. “Запіскі...”, якія ўпершыню пабачылі свет у 1926 г., сталі адметнай, наватарскай з’явай у беларускай літаратуры. Пісьменнік вачыма салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады свайго духоўнага двайніка Лявона Задумы з гуманістычных, антымілітарысцкіх пазіцый паказвае жудаснае аблічча вайны, малюе антычалавечую карціну бязлітаснай крывавай бойкі, калецтва маладых салдат — фізічнага і духоўнага, самай высокай мерай вымярае духоўныя магчымасці чалавека, яго здольнасць супрацьстаяць разбуральнай сіле зла, насілля, нянавісці. Радавыя ўдзельнікі вайны кожны дзень сам-насам сутыкаюцца са смерцю, і кожны з іх павінен знаходзіць у сабе моц, каб выстаяць у гэтым невыносным пекле агню, бамбёжак, абстрэлаў, захаваць сваю годнасць і чалавечае аблічча. Разам з занатаваннем страшных эпізодаў вайны герой імкнецца пакінуць плён сваіх балючых роздумаў, перажыванняў, клопатаў і турбот. I гэтыя роздумы маюць не толькі асабісты характар, а непасрэдна спалучаны з агульназначным, агульнанародным, дзе яскрава праступаюць востры боль і трывога за лёс роднага краю, сваёй бацькаўшчыны. У адзін з такіх роздумных момантаў і прыходзяць думкі аб існым сэнсе і характары вайны: “Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам... ва славу... ва славу... чаго? Вызвалення “малых” народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна?”
Бязлітасныя абставіны вайны, тая страшная калатнеча, удзельнікам якой даводзіцца быць Лявону Задуму, выклікаюць у душы героя магутны пратэст супраць неапраўданых чалавечых ахвяр, супраць злачыннай машыны вайны, якая ненасытна забірае чалавечыя жыцці, прыносіць непапраўнае гора, страшныя пакуты, непамысныя разбурэнні. “Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны!” — гэтыя словы вырываюцца з глыбіні душы ў аднаго з радавых удзельнікаў вайны. Але падобны пратэст нараджаўся ў кожным, хто пабываў у самым пекле вайны і перажыў надзвычайную, немагчымую ў мірным жыцці абвостранасць, напятасць усіх фізічных і духоўных сіл, насамрэч зведаў рэальную сітуацыю выпрабавання на мяжы жыцця і смерці.
З максімальнай аб’ектыўнасцю і глыбокай дакументальна-эпічнай перакананасцю М. Гарэцкі паказвае чалавека ў экстрэмальных абставінах вайны. Адлюстраваныя ў дзённіку падзеі пазбаўлены мастацкай ідэалізацыі і гераізацыі. Пісьменнік імкнецца захаваць неабходную меру аб’ектыўнасці, праўды, спрабуе спасцігнуць глыбіні чалавечага духу, зразумець паводзіны і ўчынкі чалавека ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. У надзвычай напружаных, трагічных абставінах чалавеку, з аднаго боку, вельмі цяжка было авалодаць сабой, стрымаць свае эмоцыі, не паддацца імгненнаму пачуццю страху, боязі, роспачы. З іншага боку, сама атмасфера бою, надзвычайная — стрэсавая — сітуацыя дапамагалі як бы гранічна мабілізавацца, знайсці ў сабе скрытую ўнутраную моц і рашучасць не паддацца здрадлівай слабасці, нейтралізаваць пачуццё адчаю і бездапаможнасці, праявіць смеласць і адвагу, што часам межавалі са здзяйсненнем геройскага ўчынку. Але, нягледзячы на ўсё, вайна ва ўспрыманні Лявона Задумы — вялікае злачынства, жудасны выклік жыццю, усяму жывому на зямлі. Недаравальна тое, што яна пакідае незагойныя душэўныя раны, відавочна дэфармуе, відазмяняе ўвесь комплекс светапоглядных і маральна-этычных перакананняў, парушае саму цэльнасць чалавека як разумнай, культурна-цывілізаванай істоты.
Вайна найперш стала жорсткім выпрабаваннем на духоўную трываласць, на чалавечую годнасць. Убачанае і перажытае, суровыя ваенныя выпрабаванні пакідалі глыбокі след у душы, міжволі прымушалі ацэньваць, асэнсоўваць канкрэтныя сітуацыі з гуманістычнага, агульначалавечага пункту погляду.
У аповесці ўзнаўляецца шмат момантаў, якія таксама маюць насамрэчную экзістэнцыйную скіраванасць: праблема маральнага выбару, памежная, экстрэмальная сітуацыя, пошукі шляхоў асабістага і грамадскага шчасця і свабоды, трагічнасць індывідуальнага лёсу чалавека на вайне. Пры ўсіх магчымых варыяцыях усіх іх вянчае гуманістычная ідэя, звязаная з перакананнем, што жыццё чалавека — гэта адзіная сапраўдная каштоўнасць і недатыкальная святасць. Прычым чалавек паўстае тут не як нейкая касмапалітычная, абстрагаваная сутнасць, а як прадстаўнік пэўнай этна-нацыянальнай супольнасці, які і ў крайне суровых, экстрэмальных умовах праяўляе непадробны клопат пра лёс сваёй радзімы, сваёй бацькаўшчыны, народа, жыве грамадскімі інтарэсамі. Трапіўшы ў абставіны, якія пагражалі цэласнасці яго эксзістэнцыі, галоўны герой аказваецца перад быццём і хаосам і вымушаны, наколькі гэта магчыма ў яго сітуацыі, адчайна і рашуча трымацца за жыццё. Пісьменнік задаецца пытаннем пра асабістую адказнасць чалавека за ўчыненае, здзейсненае. Згодна з яго мастацкай канцэпцыяй, не можа быць ніякага апраўдання віны, зробленаму выбару, асабліва калі гэта тычыцца лёсу іншага. Нельга, недапушчальна ў гэтым выпадку матываваць свой выбар грамадскай неабходнасцю, змушанасцю, знешнімі абставінамі і акалічнасцямі. Усё злачыннае, антыгуманнае лажыцца цяжкім бярэмем на чалавека, наўпрост уплывае на яго ўнутранае самапачуванне, яго сумленне, вярэдзіць балючую памяць душы.
Здольны да глыбокага аналізу і ацэнкі ўсяго, з чым ён сутыкаецца і ўдзельнікам чаго яму даводзіцца быць, Задума сам адчувае невымерны цяжар віны за здзейсненае, за безліч нявінных ахвяр — такіх, як і ён сам, паднявольных удзельнікаў вайны. Героя не пакідае адчуванне таго, што на яго вачах адбываецца крушэнне саміх асноў жыцця і ён сам міжволі становіцца выканаўцам чыёйсьці злой волі. “А я ж не пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля...” — з болеем і скрухай у сэрцы прызнаецца ён сам сабе ў хвіліну пакутлівага роздуму.
Асаблівай шчырасцю, чалавечнасцю характарызуецца стаўленне героя да сваіх саслужыўцаў, радавых удзельнікаў вайны як да духоўна блізкіх людзей, з якімі ён адчувае сваю ўнутраную роднасць, тоеснасць. Пачварная рэчаіснасць вайны, непамысныя нягоды і пакуты зблізілі, зраднілі гэтых людзей, адкрылі ім існы сэнс чалавечай еднасці, калектывізму і згуртаванасці. У час паўгадовага адпачынку па стане здароўя ў сябе на радзіме герой у думках міжволі згадвае сваіх таварышаў па зброі (“Шкода іх, шкода… Бедныя, любыя!”), інтуітыўна ўгадвае іх думкі, якія “лятуць з поля смерці, з тых сцюдзёных ям, з бясконцага няшчасця дзён”. Празмерна развітая гуманістычная свядомасць героя не дазваляе яму змірыцца з роляй звычайнага статыста, прыпадобніцца да подлай натуры маленькага чалавечка, які марыць неяк перажыць вайну. Наадварот, ён не можа здрадзіць пачуццю франтавога братэрства, адчувае сваю міжвольную вінаватасць з-за таго, што давялося часова выбыць са строю. Незвычайна абвостранае адчуванне свайго чалавечага абавязку нараджае непазбыўную адзіноту, настальгію, сум, якія цяжка ўлагодзіць, з якімі цяжка ўжыцца.
З іншага боку, Задума з нейкім асаблівым, напятым пачуццём успрымае штодзённа-звыклае, ціхамірнае вясковае жыццё, яскрава ўсведамляючы тое, што яно пры магчымай змене жыццёвых абставін можа ледзь не вокамгненна знікнуць назаўжды. Адсюль і надзвычай абвостранае, высокадраматычнае перажыванне простых радасцей сялянскага жыцця, мірных будняў. У каментарыях да аповесці “На імперыялістычнай вайне” М. Мушынскі слушна заўважае, што “ў паводзінах людзей, што прайшлі франтавое выпрабаванне, пісьменнік угледзеў парасткі новай маралі, праяўленне новага тыпу чалавечых адносін. Гэтыя людзі вымяраюцца пісьменнікам інакшай, больш высокай меркай на годнасць чалавека”. І гэта, думаецца, дзякуючы і таму, што М. Гарэцкі ў шмат якіх момантах спрычыніўся да экзістэнцыялісцкай канцэпцыі чалавека і свету, да разумення чалавечых паводзін у сітуацыі “выбару”.
Вайна, маштабныя сацыяльныя ўзрушэнні, згодна з аўтарскай думкай, нараджаюць адчуванне трывогі, аддаляюць ад прыроды, зямлі, традыцыйных устояў, прыводзяць да дэфармацыі чалавечых якасцей увогуле. Падобны стан героя актывізуе экзістэнцыйнае самапачуванне, наўпрост звязанае са светапогляднымі структурамі, жыццёвымі прыярытэтамі, сістэмай каштоўнасцей і сэнсаў, светаадносін. Героя не на жарт раздражняе побытавая неўладкаванасць, патрыярхальная абыякавасць да ўмоў жыцця аднасямейнікаў, якія змірыліся, звыкліся з наяўным станам рэчаў. Адчуванне Лявонам Задумам унутранага разладу з бацькамі абумоўлена не толькі тым, што ён нічога не можа зрабіць для іх у сэнсе набліжэння да культурных, цывілізаваных форм жыцця (“Як гэта ўсё далёка ад таго, ад той культурнасці, якую бачыў я ў сялянскіх хатах ва Усходняй Прусіі”. Прычына мае больш глыбокія, “экзістэнцыйныя” карані. Яна — ва ўсведамленні героем наканаванай бясплённасці яго фізічных і духоўных ахвяраванняў і высілкаў змяніць, перайначыць свой лёс і лёс блізкіх людзей ці хоць бы абудзіць у іх неадольную прагу да лепшага жыцця. Іншымі словамі, “нязносная адзінота” героя абумоўлена, па вялікім рахунку, агульным узроўнем гістарычнага і сацыяльнага быцця нацыі з яго пакутлівым шляхам самасцвярджэння, самаідэнтыфікацыі, а яго канфлікт са знешнім асяроддзем набывае адзнакі “экзістэнцыйнага” канфлікту — канфлікту з самім сабой, з уласнымі думкамі, меркаваннямі, развагамі.
Герой пачувае сябе на ростанях — ізаляваным, пакінутым сам-насам са сваёй адзінотай. Акаляючая рэчаіснасць падаецца чужой, злавеснай. Усё, з чым даводзіцца яму сутыкацца, мець нейкае дачыненне, набывае адзнаку адчужанасці, непрыхільнасці, варожасці. Добра знаёмыя з дзяцінства рэчы, абжыты свет, які раней унушаў спакой і надзейнасць, ператварыўся ў штосьці непамысна насцярожваючае, прыгнятаючае, — у тое, што становіцца першапрычынай неадольнага суму і безнадзейнай адзіноты. Пачуццём трывогі насычана не толькі знешняя рэчаіснасць. Падобным эмацыянальна-псіхалагічным адчуваннем пранізана сфера ўнутранага самапачування. Больш за тое, менавіта ўласная адчужанасць ад сябе, адчуванне татальнай неабароненасці, бездапаможнасці, перманентнай прыгнечанасці, фрустрацыі становяцца першапрычынай чужасці знешняй, вонкавай. Герой аказаўся нібыта паміж двух агнёў: усюды яго пераследуе небяспека, ён вымушаны знаходзіцца ў стане трывожнага чакання, загадзя ведаючы, што рэальны вынік не абяцае нічога добрага (“Заб’юць цяпер… І к ліху новае жыццё… Ну і чорт яго бяры, такое жыццё, — не шкода…
Але нейкі ком падкаціўся, і заныла ўсё.
І так пераходамі думалася то лепшае, то горшае. А ўсё наогул — нядобра, прыкра, цяжка...” Ён цалкам пазбаўлены жыццёвай апоры, надзейнага грунту, ад чаго свет набыў такія пагрозлівыя, варожыя абрысы, стаў чужым, халодным, палохаючым. І рэальнае ўсведамленне невырашальнасці, тупіковасці сітуацыі, немагчымасць знайсці для сябе рэальнае выйсце з жыццёвых абставін нараджае тое хваравіта-балючае адчуванне мяжы-парога, што цалкам пазбаўляе яго надзеі наладзіць гарманічную сувязь паміж сабой і светам, паразумецца з самім сабой. Ён вымушаны знаходзіцца ў стане пакутлівага перажывання, неадольнага душэўнага цяжару (“Мне ж не хочацца нават гаварыць. Яны мяне з такою радасцю чакалі, а не прынёс я ім весялосці ў хату. Так, мала смеху ў нашай хаце. І я ў тым нямала вінават… Няхай сабе!” Адчуванне безвыходнасці, бездапаможнасці нараджае пачуццё канцовасці — не фізічнай, а звязанай з усведамленнем уласнай недасканаласці, ракавой немагчымасці супрацьстаяць чыёйсьці злой волі, жыццёваму наканаванню.
Даволі сімптаматычным выглядае эпізод з галубком, якога Задума забівае на таку без аніякіх на тое відавочных прычын. Карціна забойства безабароннай птушкі як бы ў мініяцюры, сімвалічна раскрывае стан героя, люструе сітуацыю “экзістэнцыйнага” памежжа: “як людзі перад страхам, замяталіся, пакінулі найлепшую яду і ў смяротнай тузе кінуліся пад вароты, біліся крылкамі, каб вылецець.
Шубнуў лапатаю ў самы груд — і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударажна сціснуў у руцэ. Адчуў, як б’ецца сэрца і ў галуба і ў самога.
Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму не адарваліся. І брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку”. Учынак сапраўды выглядае гідкім, недарэчным. Але ён красамоўна перадае і сам стан героя, і, больш за тое, пераканаўча дэманструе пісьменніцкае ўяўленне пра “экзістэнцыяльнае”, пра мажлівасці жыццёвага выбару, пра дваістую прыроду чалавека, дзеянні і ўчынкі якога падчас могуць быць непрадказальнымі, некантралюемымі.
Адным з найбольш красамоўных паказчыкаў далучанасці твора да філасофскай традыцыі эксзістэнцыялізму з’яўляецца сам прынцып узнаўлення сітуацыі выбару, што набывае востры, крайне абцяжарваючы, абмяжоўваючы чалавека характар. Гэтая сітуацыя, паводле “закону жанру”, патрабуе неадкладнага дзеяння па пераадоленні цяжкасцей, якія ўсведамляюцца і расцэньваюцца як жыццесутнасныя, лёсавызначальныя, звязаныя з выбарам аксіялагічных прыярытэтаў быцця.
Экзістэнцыяльныя героі — неспакойныя, апантаныя натуры, якія цалкам захоплены ідэяй руху, дзеяння, змагання, адчуваючы пры гэтым сваю татальную неабароненасць. Знешне апазнавальным знакам экзістэнцыяльнага вырашэння жыццёвых калізій і канфліктаў з’яўляецца тое, што ў цэнтры ўвагі пісьменніка і яго галоўнага героя знаходзяцца даволі змрочныя, панурыя бакі жыццёвага вопыту, настрой страху і адчаю, роспачы і суму. У адрозненне ад экспрэсіяністаў М. Гарэцкі не прыводзіць свайго героя да суцэльнай апатыі, жыццёвага песімізму. Наадварот, у аснове яго “экзістэнцыяльнай” філасофіі ляжыць адраджэнскі пафас, ідэя ўваскрашальная, віталісцкая. Чуйны да новых павеваў жыцця, мастак у сілу свайго грамадзянскага тэмпераменту аддае перавагу такому стану, калі ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калі чалавек здольны ўлавіць сапраўдную і шматзначную дыялектыку жыцця, знайсці і надаць яму сэнс, які зробіць жыццё сапраўды значным, нават бессмяротным.
У нашым выпадку важна падкрэсліць, што пісьменнік мадэлюе сітуацыі выбару не толькі ў адносінах да франтавых будняў, але і будняў мірных. Гэта можа сведчыць пра тое, што ягонаму герою наканавана перажываць такі стан пастаянна, у кожнае імгненне жыцця. Ягоная свядомасць, яго самапачуванне, душэўны стан ужо адпачатна настроены на катастрафічнасць успрымання рэчаіснасці, на перманентнае рэфлексаванне паводле перажываемага, сітуацыйнага моманту. У кожнае імгненне жыцця, іманентна ён ужо настроены на экзістэнцыяльную хвалю, міжволі трансфармуючы знешнія раздражняльнікі ва ўнутрана прадуцыруемую рэальнасць. Адсюль і наяўнасць той памежнай сітуацыі, экзістэнцыяльнага кантрапункта (шэрагу кантрапунктаў), што адлюстроўвае напал, моц выяўлення ўнутранага перажывання — таго, што ідзе знутры, мае асобасную матывацыю. Увогуле ж, экзістэнцыяльныя героі, у масе сваёй, пакладаюцца больш на інтуіцыю, давяраюць пераважна свайму эмацыйна-пачуццёваму комплексу (унутранаму імператыву), — таму, што ідзе знутры, што непасрэдна імі перажываецца.
Памежная сітуацыя, як яна паўстае ў творы М. Гарэцкага, заўсёды суправаджаецца ўзмоцненай роздумнасцю героя, характарызуецца пэўнай мысленчай дыскрэтнасцю, разарванасцю, у выніку чаго яго “праграмныя” ўстаноўкі не могуць набыць гарманічную і асэнсаваную цэласнасць. Падобны памежны стан з-за сваёй “разарванай” скіраванасці ў прынцыпе не можа быць змененым, пераадоленым, якасна абноўленым. Немагчымасць вырашыць станоўча ўзнікшую сітуацыю гранічна абвастрае адчуванне часовасці свайго быцця, падкрэслівае трагічную наканаванасць жыцця.
Пры ўсім тым стан героя нельга атаясамліваць з вакуумнай пустатой, духоўнай амнезіяй. Наадварот, менавіта падобнае адчуванне ўнутранай незадаволенасці, унутранага пратэсту і нараджае падспуднае жаданне змагацца, дзейнічаць, шукаць канструктыўныя шляхі да ўласнага самавыяўлення, ісці наперад, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці.
Як бачым, у “Запісках…” і ў сваёй ранняй творчасці М. Гарэцкі адначасова ставіў цэлы шэраг экзістэнцыйных, па сутнасці, лёсавызначальных праблем, праводзіў думку аб узаемасувязі, узаемазалежнасці адзінкавага і цэлага, прыватнага і агульнага, героя і грамады. Стрыжнявая лінія твораў паступова расфакусіруецца, скіроўвае ў рэчышча анталагічнае, напрамую звязанае з праблемай індывідуальнага, асобаснага існавання, з праблемай “выбару”, з ідэяй захавання чалавечай суверэннасці, адстойвання права на вартае чалавека жыццё.