Андрэй Федарэнка
“Умаўляю не забываць мяне…”
Двухтомнік Максіма Гарэцкага патрапіў мне ў рукі ўлетку 1985 года, калі я яшчэ ў сне не сніў, што сам некалі буду нейкім чынам звязаны з літаратураю. Пасля войска тры месяцы дазвалялася не працаваць, што я й рабіў, і толькі чытаў у тое лета запоямі — проста цудоўная, багатая бібліятэка была ў недалёкай суседняй вёсцы. У кнігах я шукаў адказу толькі на адно пытанне: як мне, вясковаму маладому чалавеку, жыць,. каб не прапасці, як і чым жылі іншыя маладыя , людзі ў іншыя часы; мне трэба было, як казаў герой таго ж Гарэцкэга, “вызначыцца”. I тут пачало адбывацца (для мяне на ітой розум) нешта нечаканае: кнігі, у якіх я спадзяваўся знайсці адказ, якія я яшчэ са школы так любіў, разам з героямі якіх некалі смяяўся і плакаў, не пайшлі мне далей першае старонкі альбо нават першага сказу. I наадварот: класіка - і расейская, і любая, - якой я ў школе цярпець не мог (“Образ дуба в романе “Война и мир”), расчыніла раптам перада мною дзверы ў зусім новы свет, пра існаванне якога я раней толькі здагадваўся.
Да прозы М. Гарэцкага я падступаў без усялякіх скідак, ужо ўзброены чэхаўскім. Ужо з першага ж апаоядання “У лазні” стала ясна, што гэты новы для мяне пісьменнік — не абы-які, што ён сапраўды некуды ідзе і кліча за сабою. Але куды? У яго творах не было скураных камісараў на тачанках, не было калгасаў, брыгадзіраў, старшынь, рабфакаў, хадакоў у Леніна, кулакоў з абрэзамі, селькораў... словам, не было таго, без чаго тады проза беларуская не магла існавацьі Выў малады чалавек, які чытаў Якуба Коласа, кахаў дзяўчыну і разбіраўся ў “няшчаснай сваёй беларушчыне” (“Меланхолія”); быў настаўнік, які здзекзваўся з дзяцей за “цеканне” і “дзеканне”, а тыя крычалі яму замест “до свиданья” — “да свістання!”, “да снядання!” (“Бірка”); быў звар’яцелы салдат, які ўсё паўтараў: “Рускі я! Рускі!” (“Рускі”). Гэты пісьменнік з зайздросным пастаянствам — дзе адкрыта, дзе па-за тэкстам — вёў лінію самабытнасці, непадобнасці сваёй нацыі да каго б там ні было. Можна ўявіць, як мне чыталася такое — пасля войска, дзе ўсё жыццё зводзіцца да выясненняў “хто ты такі ёсць?”. Да ўсяго, у Гарэцкага былі не голыя няўклюдныя сентэнцыі, а мастацкія вобразы, правільна пабудаваныя, “класічныя” сказы, простая, без лірыка - бурапенна-сімвалічнага прымітывізму мова.
Бянтэжыла толькі, чаму раней я нічога нават не чуў пра гэтага чалавека, чаму мы яго не праходзілі ў школе, чаму настаўнік нічога не сказаў пра яго — тым больш, што кнігі Гарэцкага ў той час ужо выходзілі, былі ў бібліятэках... Пасля падумаў: а мо гэта і лепш? У школе яго так “патлумачылі” б, што адбілі б ахвоту на ўсё жыццё.
Успамінаецца таксама, як пазней, ужо ў Мінску, у закрытым фондзе бібліятэкі Акадэміі навук аспірант А. Бяляцкі, чамусьці ўвесь час азіраючыся і гаворачы шэптам, падсоўваў мне зацёртую шэранькую кніжачку “Дзьве душы”.
Феномен Гарэцкага, яго адрозненне ад іншых беларускіх пісьменнікаў савецкага перыяду бачыцца мне ў тым, што Гарэцкі, жывучы ў асабліва бурапенныя і круталомныя часы, умудрыўся пісаць не па прынцыпе сацыялістычнага рэалізму. Аднаму з нямногіх у беларускай літаратуры, яму ўдалося абагнаць свой час. Ён пісаў з пазіцый пісьменніка-грамадзяніна незалежнай дзяржавы, — пісаў, выдатна разумеючы, верачы, што і рэвалюцыі, і саветызацыі, і акупацыі ў гістарычным часе - проста непаразуменні, якія рана-позна схлынуць, як іх і не было, і пра якія, магчыма, нават не ўспомняць. Пагэтаму, думаю, небеларусу, як і школьнаму савецкаму беларусу, разумець і ўспрымаць прозу Гарэцкага будзе надзвычай цяжка, нават пры цудоўных перакладах на расейскую мову.
“...Даганяе мяне гэты здаравенны, у чырвоных штанах, і на галаве ў яго — вялікая, медзяная, але гладкая карона з крыжыкам, і ў руках стрэльба, і дзірачка рулі глядзіць мне проста ў грудзі... Я хачу прасіць, умаўляць не забіваць мяне, хоць і няма амаль на дзеі на ратунак: гэтыя людзі жорсткія і разумна-бязлітасныя” (“Чалавек у кароне”).
Матка пра сына: “Бальшавік жа ён у мяне, ай, бальшавік”. (“Дзве душы”).
Сын-салдат вяртаецца з войска і знарок мінае сваю хату, а калі матка гукае, вяртаецца: “А чёрт вас знае, ігдзе вы тут жывёце!” (“Камароўская хроніка”).
I вось на чалавека, якому за адныя гэтыя маленькія шэдэўры варта было ставіць пры жыцці помнік, выпісваюцца паперы наступнага зместу: “Слушали... постановили: Горецкого Максима Ивановича — расстрелять”.
Пасля напісання аповесці “Дзве душы”, дзе да драбніцаў раскрыта ўся механіка “чразвычаек”, М. Гарэцкі раптам (у 1923 г.) перабіраецца з Вільні ў савецкі Менск. Я лічу, ; Што гэтае вяртанне было яго найвялікшай, трагічнай памылкаю — як у творчым, так і ў жыццёвым плане. Перажыўшы горшае ў сваіх творах, пісьменнік верыў, што ў жыцці будзе лепш, верыў, што можа і “абысціся”... Як і мы ўсе верым.
Вось гэта і блізкае мне асабіста ў М. Гарэцкага на сённяшні дзень: няведанне, адчуванне зыбкасці ўсяго - і надзея на лепшае.