Дзмітрый Бугаёў
Славутыя імёны Беларусі
Стагоддзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага (нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне) дае зручную нагоду нанава перачытаць творчую спадчыну гэтага выдатнага ма¬стака, з пазіцый сучаснасці паглядзець на зробленае ім для нашай культуры, для развіцця нацыянальнай самасвядомасці, для беларускага адраджэння. Цяпер гэга становіцца пільна неабходным, і, што не менш важна, магчымым, бо сам час не толькі па-новаму высвечвае вялікасную ў ягоным падзвіжніцтве, трагедыйна-пакутніцкую ў самаадданым служэнні Бацькаўшчыне постаць пісьменніка, але і дазваляе гаварыць пра ўсё, зробленае ім, без аглядкі на яшчэ нядаўна непарушныя ідэалагічныя догмы і тыя жорсткія цэнзурныя забароны, якія раней вельмі моцна абмяжоўвалі даследчыкаў, а ў нечым і проста скоўвалі іх, вымушаючы на яўныя недагаворкі, свядомыя ўмаўчанні і іншую эквілібрыстыку, ад якой напакутаваліся ўсе, хто хоць трохі думаў пра сваю адказнасць перад чытачом і яе вялікасцю Праўдай.
Што ж датычыць М. Гарэцкага, які жыццём заплаціў за прыхільнасць да беларускай нацыянальнай ідэі, да нашага беларускага адраджэння, дык ён найбольш уражвае сваёй мужнасцю, нязломнасцю і тым, што так многа здолеў зрабіць у самых неспрыяльных варунках. Нездарма ж ён казаў, што для Бацькаўшчыны трэба працаваць так, каб аж пот выходзіў.
Самаадданае служэнне Бацькаўшчыне было галоўнай унутранай страсцю, пафасам і сэнсам усёй працы пісьменніка, усёй яго творчасці, пачынаючы ад самых першых выступленняў у друку і канчаючы “Скарбамі жыцця”, гэтай жалобнай споведдзю, якую сам аўтар называў “лебядзінай песняю”, бо пісаў яе з адчуваннем, што яна можа стаць апошняй.
Падводзячы рахункі свайму жыццю і як бы ўжо развітваючыся з людзьмі і светам, М. Гарэцкі як самае запаветнае вылучае любасць да Радзімы, сімвалам якой у адпаведнасці з багдановічаўскай традыцыяй выступав ў яго пучок васількоў. Уздымаючыся да біблейскай прытчавасці, пісьменнік горача ўсклікае: “Судзі мяне, судзі мяне кожны і ўсякі! Судзі мяне судом сваім, і кожным, і ўсякім... Карай мяне карамі сваімі, карай...
Толькі прашу цябе: не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў.
А выб’еш — буду азірацца на іх з сумам і жалем вялікім, перавы- шаючым мае слабыя сілы...
Як мне забыцца на іх, пакінутых там, адзаду, на дарозе, у пыле і ў брудзе, на цярнёвай дарозе, якою народ мой ішоў...
“Цярнёвыя дарогі” святога для М. Гарэцкага (так ён сам казаў) беларускага адраджэння хвалявалі яго ўсё свядомае жыццё. Яшчэ ў гады вучобы ў школе ў Вольшы (Аршаншчына), а потым у Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы ён захапляўся беларускай літаратурай, у прыватнасці “Панскім ігрышчам” Ф. Тапчэўскага, паэмай “Тарас на Парнасе”, творамі Ф. Багушэеіча і Я. Лучыны, Я. Купалы і Я. Коласа, Цёткі і З. Бядулі. З горыччу заўважаў юнак абразлівае стаўленне да роднай мовы, з якою і тады прававерныя чыноўнікі ад асветы зацята змагаліся.
Пра гэта не без з’едлівасці і з выразным унутраным болем піша М. Гарэцкі ў апавяданні “Бірка” (1920), паказваючы тут настаўніка- русіфікатара, які звычайна казаў сваім вучням: “Слухайце, дуб’ё! Як я не ўчу вас гаварыць прыстойна, — вы ўсё якаеце і дыкаеце. Але я дам вам рады і наўчу вас, — вырасшы падзякуеце мне. Ведайце, што з той мужыцкай, хамскай моваю, якую вы ўмееце ад сваіх матак і бацек, нідзе няма ходу, ні ў салдатах, ні на службе ў свеце, нідзе. Бацькі вашы няўчоныя, дык і не дзіва, а вас жа на тое школяць, каб у людзі хоць трохі вывесці. Тым часам вы ніяк не адвыкнеце ад хамства”.
Гэткія пакутліва-прыніжальныя для беларускай душы пропаведзі падмацоўваліся і лінейкаю, якою білі па руках тых, каму асабліва цяжка давалася адмаўленне ад род нага слова, і зняважлівым стаяннем на каленях перад класам, і балючым тузаннем за валасы, і адмысловаю біркай, якая ўручалася штрафнікам і азначала, што яны пазбаўляюцца абеду і пакідаюцца ў школе да позняга вечара.
У Максіма Гарэцкага такія здзеклівыя пакаранні, якія яму за¬помнился на ўсё жыццё з часоў вучобы ў пачатковай школе (яна тады называлася школай граматы) у Вялікай Багацькаўцы, выклікалі ўнутраны пратэст і толькі ўмацоўвалі яго прыродную беларускасць, рабілі яе ўсвядомлена-асэнсаванай. Характэрна, што самыя першыя свае выступленні ў друку ён падпісваў псеўданімам Беларус і Максім Беларус.
Ужо ў першых друкаваных выступлениях ён засведчыў сваю прыхільнасць да беларускага нацыянальнага адраджэння і рашучае непрыманне тых, хто выракаўся сваёй беларускасці і, больш таго, станавіўся ў шэрагі зацятых русіфікатараў або каланізатараў.
Зрэшты, даўно вядома, што якраз рэнегаты, людзі, якія найчасцей з карыслівых меджаванняў адмаўляюцца ад сваёй Радзімы, яе мовы і культуры, наибольш ваяўніча імкнуцца навязаць ёй чужыя культуру, мову і звычаі.
М. Гарэцкі ўбачыў небяспеку нацыянальнага рэнегацтва беларусаў вельмі рана. I таму ўжо ў фельетоне “Нашы”, надрукаваным у 1913 годзе, рэзка закляйміў вядомага чарнасоценца Пурышкевіча, пра якога былі звесткі, што ён паходзіць з беларусаў ("адростак беларускага уніяцкага духавенства”). Выразныя намёкі зроблены ў гэтым фелье¬тоне і на Л. Саланевіча, рэдактара чарнасоценна-шавіністычнай газеты “Северо-Западная жизнь” (выдавалася ў Беларусі), якая змагалася супраць беларускай нацыянальнай культуры, нашай літаратуры і мо¬вы. Зазначаючы, што Саланевіч таксама з беларусаў, М.Гарэцкі падкрэслівае, што гэты панск, які “перш быў вучычелем, потым... валасным пісарам, далей пралез у чыновенства, урэшце стаў прадажным пісарам і прынёс беларускай справе вялікую шкоду ("камень падараваў ён свайму абяздоленаму народу замест хлеба"). А гэта ўжо выклікае не толькі абурэнне, але і нараджае агіду: "Чытаеш пра яго і чуеш, што быццам ты босаю нагою наўмысля ступіў на нешта халодна-слізкае, бруднае, брыдкае”.
Куды часцей роздум М. Гарэцкага пра Радзіму і яе будучыню, пра беларускую справу і лёс нацыянальнага адраджэння набываў трывожны характар. Ужо ў першым ягоным мастацкім творы, у апавяданні “У лазні”, якое было надрукавана ў “Нашай Ніве” 25 студзеня 1913 года і да сённяшніх дзен хвалюе чытача яркай каларытнасцю адлюстраванага ў ім вясковага побыту і праўдзівасцю кожнай дэталі, кожнага руху і слова дзейных асоб, — востра ставіцца і пытанне пра небяспеку адрыву адукаваных людзей, інтэлігенцыі ад роднай глебы, ад свайго народа, яго традыцый і звычак, хоць і не ўсё ў гэтых традыцыях прымаюць нацыянальна свядомыя героі пісьменніка. Тыя з іх, якія імкнуцца да высокіх ідэалаў, да лепшага жыцця (не толькі для сябе!) і больш за ўсё баяцца, каб пра іх не падумалі, што яны пагарджаюць сваім братам-селянінам, не сказалі: ага, і ён, атрымаўшы сякую-такую адукацыю, “наўчыўся на сабачы брэх, запанеў, да мужыкоў — ні блізка, а да паноў стаў ліпнуць”.
Размова ідзе пра тое, што ўся адукацыя беларускай інтэлігенцыі працяглы час вялася “на чужым грунце” была скіравана яшчэ з XIX стагоддзя на свядомую русіфікацыю, на выкараненне прыроднага беларускага пачатку, г.зн. на пакутлівую душэўную ломку, якой удавалася супрацьстаяць нямногім выхадцам з нізоў.
Гарэцкага надзвычай хвалявала думка пра тое, каб не было занядбана “роднае карэнне” (так называецца адно з дарэвалюцыйных апавяданняў пісьменніка), вернасць беларускай, народнай праўдзе і “роднаму карэнню” ўсіх свядомых беларусаў і асабліва нацыянальнага адраджэння. “Шукайце брату свайму дарогу да праўды. I памятайце: не будзеце вы шукаць яе або станеце дрэнна шукаць, абы-як, бог вас пакарае”, — звяртаўся ён да беларускіх пісьменнікаў у праграмным артыкуле “Наш тэатр”, напісаным яшчэ ў 1913 годзе. Там жа ён зазначаў: “I трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён мае слаўнае прошлае, што яго дзядоўшчына нараўні з крапчэйшымі старонкамі пад сонцам была і што карані нашы родныя беларускія не згнілі, трывалы і цягучы, маюць жывы сок і жывую сілу і ўжо добрыя адросткі к небу гоняць, а з часам над імі крэпкія, высокія, прыгожыя дрэвы закрасу- юцца...”
А ў выдатным артыкуле “Развагі і думкі” (1914), які сваім пафасам працягвае артыкул “Наш тэатр”, пісьменнік прама заяўляў, што самае важнае для беларускай інтэлігенцыі — “не адарвацца ад карэння”, ад родных вытокаў, ад народнай глебы. “Калі беларуская інтэлігенцыя адарвецца ў самым пачатку ад свайго народа, яна хоць і не загіне і будзе сяк-так мадзець, расці, але буйнога калашэння яе не будзе ніколі... Беларуская інтэлігенцыя не павінна рабіць абмылак: трэба ёй усімі сіламі хавацца за народ, пакуль яна сама народна, дэмакратычна і папаўняецца новымі і новымі дзяцьмі беларускага дэмасу, каторых ён, дэмас, вывеў ”у людзі”. Калі не хочаш ты расчаравацца ў жыцці, каліткі ты папраўдзе ёсць інтэлігент і жывеш не так, што “наеўся, напіўся і хвосцік завіўся”, — не глушы ў сваім дэмакратычным сэрцы беларускіх здаровых народных пачуццяў..Дай веры, не расчаруйся. Не бяжы, а бяжы да народа. Ён цябе разварушыць. А ў падзяку таму, хто даў табе сэнс жыцця, ты папрацуй шчыра”, — зноў і зноў пераконваў М. Гарэцкі сваіх паплечнікаў па нацыянальна-адраджэнскай справе, не грэбуючы і даволі з'едлівай гумарыстычнасцю (радкі пра “завіты хвосцік”), а часам уздымаючыся і да афарыстычнай трапнасці ("не бяжы ад народа, а бяжы да народа" і інш).
Інтэлігент найвышэйшай пробы, М. Гарэцкі выдатна разумеў вялікую ролю нацыянальна свядомай інтэлігенцыі ў абуджэнні нацыі. Але гэта не перашкаджала яму сцвярджаць, што “будучыня адраджэння беларусаў залежыць ад селяніна”. “Калі селянін перастане выдзяляць са свае хаты дзяльцоў (дзеячоў) руху, дык рух будзе марнець”, — упэўнена прагназаваў мастак. I ён меў рацыю.
На вялікі жаль, гэта добра разумелі тыя, хто бачыўу беларускім нацыянальным адраджэнні вялікую небяспекудля сябе. Нездарма ж сталінскія апрычнікі, калі яны устанавілі неабмежаваную ўладу ў краіне і пад сцягам інтэрнацыяналізму сталі знішчаць беларускую культуру, выкараняць сам дух беларускасці, дык не толькі люта распраўляліся з нацыянальнай інтэлігенцыяй, але і рассяляньвалі сялянства, настойліва руйнаналі традыцыйны лад вясковага жыцця, тым самым замахваючыся на глыбіне карэнне беларушчыны.
Што мажлівы такі паварот, ніхто з беларускіх інтэлігентаў, якія шчыра віталі рэвалюцыю, у складаючы на яе вялікія спадзяванні, та¬кога не мог дапусціць і ў самым кашмарным сне. Але, ступаючы на цярністы шлях самаадданай працы ў імя нацыянальнага адраджэння, яны ўжо, ва ўсякім разе на лёгкі поспех, не разлічвалі. М. Гарэцкі таксама ніколькі не сумняваўся, што на дарозе падзвіжніцкага служэння Бацькаўшчыне яго чакаюць шматлікія выпрабаванні. Таму і ягоны Лявон Задума з аповесці “У чым яго крыўда?” прама гаворыць, пра “трудныя шляхі” “ідэйнага чалавека” на родных прасторах. I той жа Лявон Задума, але ўжо ў блізкай да папярэдняга твора і зноў жа аўтабіяграфічнай аповесці Меланхолія”, якая была напісана ў 1919 — 1921 гадах, а потым яшчэ дапрацоўвалася ў 1928 годзе, зведвае і горкае расчараванне, якое прыходзіць да перапоўненага ўзнёслымі пачуццямі хлопца ў тагачасным цэнтры беларускага адраджэння — славутай Вільні.
Гэтая да болю знаёмая нам і сёння рэальнасць беларускага жыцця выбівае Лявона з каляіны, наводзіць яго на думку пра самагубства, якой і заканчваўся твор. Праўда, у апошнім варыянце “Меланхоліі” Лявон усё ж пераадольвае сваю роспач і зноў поўніцца намерам змагацца за лепшую долю краіны. Улічваючы аўтабіяграфічны характар твора, можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што блізкія да Лявонавых думкі і пачуцці былі і ў самаго пісьменніка. Ва ўсякім разе да пытання аб пакутлівасці лёсу нацыянальна свядомых беларускіх інтэлегентаў ён звяртаўся неаднойчы. Але вельмі часта ў самых цяжкіх, часам амаль безвыходных сітуацыях, беларуса выратоўваў гумар.
“Беларусу, — разважаў М. Гарэцкі ў згаданым ужо а ртыкуле "Наш тэатр", — не навіной было, устаўшы досвіткам, анічым смагу не прагнаўшы і дбаючы на войтаў бізун, бегчы на прыгон і, спаткаўшыся з добрым чалавекам, пажартаваць, можа, каб нуду прагнаці. У гэтым беларус мае нешта супольна-жалобнае з прафесіянальным мастаком- акторам, катораму таксама трапляецца скакаць і скаліць зубы пад рогат таўпы, хаця ў самога на сэрцы жыццёвы цяжар, а з вачэй то і глядзі пакоцяцца буйньш слёзы". Якраз такі гумар у Пісарэвіча (Жартаўлівы Пісарэвіч”).
I самому пісьменніку, які, па словах ягонай дачкі, “вельмі любіў гэты твор”, нярэдка даводзілася звяртацца да пісарэвічаўскага гумару. Ён выручаў шмат разоў, але дачаснага трапчнага канца, вядома, прадухіліць не мог — інквізітары новай фармацыі, якія знішчалі беларускую нацыянальную інтэлігенцыю, народнага гумару не разумелі. А іх уласны гумар быў нават і не змрочна-чорным, а, як і ва ўсіх забойцаў, літаральна смяртэльным.
I яшчэ адну асаблівасць “Жартаўлівага Пісарэвіча” хацелася б адзначыць. У гэтым драматычным абразку некаторыя персанажы, у прыватнасці жонка Пісарэвіча, а таксама Пані, жонка доктара з бежанцаў, рэзка выказваюцца пра бальшавікоў, якія не толькі вінавацяцца за цяжкасці, што напаткалі ўцекачоў у Расіі, але і характарызуюцца як “арганізаваныя хуліганы”, "хамы і нават “душагубцы”; “Выйдуць з вагону, ”Ітэрнацыяналам" глотку дзяруць, а кідаюць у натоўп галодных дзяцей якую скарыначку недаедзеную і любуюцца, што дзеці, як галодныя псы, б’юцца за тую скарыначку, за іхны аб’едак..." Гэтак гаворыць пра чырвонаармейцаў Пісарэвічава жонка.
Наяўнасць у творы такіх рэзка крытычных выказванняў, скіраваных супраць устаноўленых бальшавікамі парадкаў, сведчыць, што М. Гарэцкі, прынамсі ў пачатку 20-х гадоў, калі ствараліся першыя варыянты абразка, далёка не ўсё прымаў у дзеяннях бальшавіцкіх улад.
У гэтым пераконваюць і такія творы, як аповесць “Дзве душы” або апавяданні “У 1920 годзе”, “Апостал”, “Фантазія”, “Незадача”, “Усебеларускі з’езд 1917-га года”. Амаль ва ўсіх гэтых творах так ці іначай закранаюцца пытанні нацыянальнага адраджэння. Скажам, у апавяданні “Фантазія” згадваюцца вельмі нялёгкія, а ў пераважнай большасці і трагічныя лёсы выдатных дзеячаў беларускай культуры, нашых слынных будзіцеляў ад Ф. Скарыны, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і Цёткі да Я. Купалы, М. Багдановіча і І. Луцкевіча, Л. Гмырака і А. Гаруна, С. Палуяна і К. Каганца. Сярод жывых з гэтага жалобнага пераліку тады быў талькі Я. Купалй, але і ён незадоўга да напісання твора (у 1920 годзе) цяжка хварэў, як сам казаў, “па- праўдзе пабываў на тым свеце”.
Погляд М. Гарэцкага на тагачасную рэчаіснасць, на Беларусь і яе будучыню выказаны ў “Фантазіі” ў абагульнена-прытчавай форме. I ён зусім несуцяшальны: “Клубок Зямлі, агорнуты крывавым туманом і згараючы ў ім, рабіў свой вечны шлях у сістэме Сонца.
Найгусцей прыпаў туман на прасторы Беларусі.
Пад гулкі грукат гармат, траскатанне стрэльбаў і кулямётаў, пры водбліску страшных пажарышчаў раздавался дзікія воплі і балючыя стагнанні забіваных, рэзаных, паміраючых з голаду людзей.
Могілкі і турмы перапоўнілісь. Грэх спавіў кожнае сэрца. Крывёю і слязьмі пазаплывалі вочы.
Цені памёршых продкаў у смяротнай нудзе стаялі над распятай краінай і адварачываліся ад сваіх за топленых смуроднаю запечанай крывёю могілак".
Вядома, ніякія канкрэтныя віноўнікі гэтых жахаў на прасторах Беларусі ў апавяданні не называліся, і пры той гранічнасці абагульнення, якая ўласціва аўтару, называцца не маглі. Але змрочныя малюнкі, што ўзнікаюць у пісьменніцкай фантазіі, яўна суадносяцца з часам імперыялістычнай вайны і падштурнутых ёю грамадскіх зрухаў, уключаючы і бальшавіцкі пераварот, гучна названы праз дзесяцігоддзе пасля яго ажыццяўлення Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй. А гэта азначае па логіцы апавядання, што і бальшавікі, якія, змагаючыся за ўладу, абвясцілі ў ліку сваіх праграмных установак і права народаў на самавызначэнне, тады, у самым пачатку 20-х гадоў, яшчэ нічога істотнага практычна не зрабілі для беларускага адраджэння.
У аповесці “Дзве душы” праблемы нашага нацыянальнага адрад¬жэння займаюць шмат месца і асвятляюцца больш канкрэтна і рознабакова. Размова пра іх тут вядзецца сродкамі рэалістычнай прозы з моцнымі публіцыстычнымі інтанацыямі. Пісьменнік цяпер малюе вобразы не толькі свядомых, але і вельмі актыўных барацьбітоў за бела рускую справу.
Дужа цікавыя і глыбокія ў аповесці разважанні пісьменніка над нацыянальнымі праблемамі. Так, напрыклад, тая ж Іра Сапавічанка слушна адзначае ўнутраны фальш размоў пра безаглядны інтэрнацыяналізм як блізкую практычную мэту. А гэта ж адзін з галоўных міфаў бальшавіцкай ідэалогіі. Адвяргаючы яго, Іра падкрэслівае, што ў рэальным жыцці проста няма той “інтэрнацыянальнай” грамады пазбаўленых усялякіх нацыянальных прыкмет людзей, спасылкамі на якую так любілі тлуміць даверлівыя галовы партыйныя прапагандысты. “Пакуль такой грамады сярод нацый на зямным клубку я не відзела й не знаю”, — працягвае дзяўчына, а потым яшчэ дадае: “Тое трагічнае і нялепае для нас, адраджоных беларусаў, што чужыя для нас людзі, не заўважаючы на сабе яшчэ не скінутай імі сваёй нацыянальнай прапітанасці, прыйшлі да нас з "інтэрнацыяналам" толькі на вуснах, з яго толькі фікцыяй у сваіх мазгах і з фанатычнай безміласэрнасцю ўзяліся рабіць з беларускай нацыі толькі гной на градкі для ўзрашчывання сваёй фікцыі інтэрнацыянала. О, будзь яны прокляты! — узварушоным голасам, з горам крыкнула яна. — Яны хочуць зрабіць адзнакі сваей нацыянальнасці інтэрнацыяналам для нас, — дык дзякуй за ласку... Можа, трапім увайсці ў інтэрнацыянал як роўныя з усімі, без гэтай дадатковай формы развіцця!"
Трэба сказаць, што ў аповссці “Дзве душы” найбольш аўтабіяграфічных штрыхоў пісьменнік аддаў галоўнаму герою Ігнату Абдзіраловічу. Гэта ў яго, Абдзіраловіча, дзве душы — панская, бо, знарок падменены, ён вырас у сям’і “памешчыка сярэдняй замож насці”, і мужыцкая, бо па нараджэнню, па крыві ён сялянскі сын.
Вядома, агульны сэнс твора больш шырокі. Перад намі аповесць пра раздвоенасць душы інтэлігента”. Так, паводле сведчання В. Ат рашкевіча, вызначаў галоўную ідэю твора брат пісьменніка Г. Гарэцкі.
Гэтая раздвоенасць мае шмат аспектаў. У Абдзіраловіча, акрамя супярэчнасці паміж паходжаннем і выхаваннем, яна выяўляецца і ў тым, што ён ніяк не рашаецца прыстаць ні да аднаго з тых станаў, якія ў гады грамадзянскай вайны вялі барацьбу за ўладу. Паноў ён ненавідзіць лічачы іх адказнымі за многія народныя беды, але і бальшавікоў, якія аб’яўлялі сябе змагарамі за шчасце народа, хоць на самой справе прынеслі яму незлічоныя пакуты і няшчасці, успрымае насця рожана, справядліва мяркуючы, што абяцаны камуністычны лад жыцця практычна немагчымы. “Гэта пакуль утопія”.
Згадаўшы пра ўтопію, герой М. Гарэцкага прамаўляе ключавое слова, якое дакладна характарызуе галоўную загану ўсёй ка муністычнай дактрыны. Выходзіць, і тут пісьменнік аказаўся прарокам!
Горача любіў Абдзіраловіч родны край, але часам думае пра яго як пра частку Расіі ("Мая ж бацькаўшчына — Расія”). Сімпатызуючы беларускім дзеячам, ён ніяк не рашаецца канчаткова завязать свой лёс з беларускім нацыянальным адраджэннем. Вось і дваіцца ягоная душа, як яна дваілася, а часта дваіцца яшчэ і цяпер у многіх нашых інтэлігентаў. Адна з прычын гэтай дваістасці у Абдзіраловіча — руская школа, уся адукацыя, якая называецца у аповесці фалышывай, бо яна паварочвала беларускую душу на чужы пыл і не толькі не давала беларусам ніякага ўяўлення пра іх ўдзівую нацыянальную адметнасць, але і ўсяляк вытручвала, забівала пачуццё нацыянальнай годнасці.
Думка, добра знаёмая і па іншых выразна аўтабіяграфічных творах пісьменніка, які, паўтару, і сам зведаў моцны ўплыў русіфікатарскай адукацыі. Такім чынам, тут ён “супадае” з Абдзіраловічам, але ў адрозненне ад яго ніколі не хістаўся ў выбары свайго беларускага шляху.
А што ўжо безумоўна насцярожвала пісьменніка ў бальшавікоў, дык гэта іх няўвага, а то і прамая варожасць да беларускага руху, праўленая адразу пасля кастрычніцкага перавароту. Цяпер добра вядома, як непрыхільна паставіліся да нашага нацыянальнага адраджэння тыя ж А. Мяснікоў, В. Кнорын і іншыя бальшавіцкія кіраўнікі ў Смаленску — тагачасным рэгіянальным цэнтры барацьбы вакол беларускага самавызначэння.
Той жа Ігнат Абдзіраловіч, маючы на ўвазе менавіта Смаленск, заяўляе, што там “беларускім народам кіруюць цяпер бальшавіцкія камісары ўсіх нацый, апрача беларускай”. Канечне ж, вуснамі Абзіраловіча тут гаварыў сам пісьменнік. Адлюстраванне яш асабістай незадаволенасці зусім правамерна бачыцца і ў разважаннях Міколы Канцавога пра тое, што “на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізме, апрача чужынцаў, апынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя, на іх (адраджэнцаў) пагляд, беларускія людзі”, “абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партыйна тупыя праціўнікі “усякага там яшчэ адраджэння”, пагарджаўшыя, з іх убогай духоўнай фанатычнасцю, беларускаю моваю і ўсім нацыянальна-беларускім”.
Ніколькі не здзіўляе сёння і крытыка бальшавіцкіх парадкаў і нораваў, самога стылю жыцця новых уладароў у апавяданнях “У 1920 годзе”, “Апостал”, “Незадача”.
І тады, калі адлюстроўваў недавер сялянства да самаўпэўненых бальшавіцкіх агітатараў (іранічна пададзены вобраз камуніста Курапы-Жабіна ў “Апостале”). I тады, калі ў апавяданні “Незадача” паказваў, што ў краіне практыкуюцца паклёпніцкія даносы, якія становяцца сродкам рабіць сваю і спыняць чужую кар’еру.Усе згаданыя цяпер апавяданні датуюцца 1921 — 1922 гадамі. Аповесць “Дзве душы” была напісана ў 1918 — 1919 гадах. Гэта і ёсць прыблізныя храналагічныя межы таго перыяду, калі М. Гарэцкі, прынамсі да знаяволення, найбольш крытычна ўспрымаў бальшавікоў. Аднак і тады ён, хоць і вельмі выразна бачыў вялікую небяспеку партыйных функцыянераў тыпу Гаршка-Карповіча, але сам бальшавізм не адмаўляў цалкам і катэгарычна. Пра гэта сведчыдь не толькі прыхільны паказ бальшавіка Васіля ў “Дзвюх душах”, але і тое, што адразу пасля кастрычніцкага перавароту пісьменнік, як і ягоны Абдзіраловіч, пайшоў на савецкую службу, прычым яшчэ ў 1918 годзе займаўся далёка не нейтральнай справай — па словах Г. Гарэцкага, “рэквізаваў лішкі кватэрнай плошчы ў буржуяў”, супрацоўнічаў у афіцыйных савецкіх выданнях і нават прыняў прапанову В. Кнорына працаваць у бальшавіцкай газеце “Звезда” (выдавалася тады ў Сма¬ленску на рускай мове), спадзеючыся, што пераездам у Мінск атрымае большую магчымасць садзейнічаць “шырокай культурнай беларускай працы”.
Варта згадаць таксама, што ў віленскі перыяд М. Гарэцкі меў сувязі з камуністамі. I не толькі як супрацоўнік той бальшавіцкай “Звезды”, з рэдакцыяй якой ён і пераехаў у Вільню. Як сказана ў “Камароўскай хроніцы”, Кузьма Батура (а гэта сам М. Гарэцкі) “хаваў падпольную літаратуру, грошы, распіскі і шыфр”. Польскія ўлады абвінавачвалі пісьменніка і “ў прыналежнасці да партыі камуністаў”.
Гэтае абвінавачанне нічым не пацверджана. А свае кантакты з камуністычным падполлем у Вільні М. Гарэцкі пацвердзіў і ў лісце да жонкі з той жа вяцкай ссылкі, напісаным 14 мая 1932 года. Тут пісьменнік дадае, што яму належыць і пераклад на беларускую мову брашуры С. Мініна “Хто такія камуністы?”, зроблены па даручэнні лідэра віленскіх камуністаў Міцкявічуса-Капсукаса і падпольна выдадзены ў 1920 годзе.
Шмат гаворыць пра адносіны М. Гарэцкага да камуністаў ягоны раман “Віленскія камунары”. Гэты раман быў напісаны ў пачатку 30-х гадоў, калі беспадстаўна абвінавачаны празаік цягнуў пакутную жыццёную лямку ў Вятцы — там ён, па крывадушнай тэрміналогіі энкаусаўца, “адбываў меры сацыяльнай абароны”. Але матэрыял для твора аўтар збіраў яшчэ ў Вільні, г.зн. тады, калі ён меў поўную свабоду выбару, пра сваё зняволенне бальшавіцкімі ўладамі не мог і здагадвацца і патрэбы ні ў якіх апраўданнях не адчуваў. Найбольш верагодна, што пісьменніка яшчэ ў той час усхваляваў трагічны лёс абаронцаў Віленскага Савета, разгромленага палякамі ў самым пачат¬ку студзеня 1919 года.
Падкрэсліваю гэта, бо цяпер вельмі часта цытуецца наступная фраза ўжо бяспраўнага М. Гарэцкага пра тыя “Віленскія камунары”: Цяжка мне іх пісаць для друку, усё баюся, каб не зрабіць якой памылкі ў асвятленні”. Так, у Вятцы асцярога ўжо была. Было і жаданне рэабілітавацца, даказаць ідэалагічна вытрыманым творам, што ён, пісьменнік, ніякі не вораг ні савецкай уладзе, ні камуністам, а тым самым і сцвердзіць сваю невінаватасць, тое, што пакараны ён невядома за якія грахі.
Ацэньваючы “Віленскіх камунараў”, трэба мець на ўвазе, што ў тыя гады камуністычная ідэя валодала велізарнай прыцягальнасцю, бо тады яшчэ не ведалі, да якіх жахлівых вынікаў прывядуць спробы яе практычнага ажыццяўлення. Таму на Савецкі Саюз з вялікай надзеяй глядзелі ў тыя часы і многія вядомыя пісьменнікі Захаду — Г. Ман і Т. Ман, Р. Ралан, А. Франс, Б. Шоў і Т. Драйзер. Бальшавіцкая дэмагогія і іх доўгі час уводзіла ў зман.
Былі свае надзеі на людзей, якія абяцалі знішчыць усе несправядлівасці жыцця і пабудаваць новы свет на гуманістычных асновах, і ў сялянскага сына М. Гарэцкага.
Бянтэжылі ж яго ў камуністаў больш за ўсё іх адносіны да беларускай нацыянальнай культуры. I калі гэтыя адносіны сталі як быццам мяняцца да лепшага, калі на справе стала праводзіцца палітыка беларусізацыі (хто ж ведаў, што гэта ненадоўга!), дык пісьменнік і прыехаў у Савецкую Беларусь.
Цяпер кажуць, што гэта была яго самая вялікая памылка. Можа і так. Але выбар у М. Гарэцкага тады быў небагаты. Польскія ўлады як упаміналася ўжо, яго таксама не песцілі. Пасадзілі ў славутую віленскую турму Лукішкі па абвінавачанні, якое прадугледжвала смяротную кару ці, у лепшым выпадку, катаргу, Праўда, у палякаў, у адрозненне ад бальшавікоў, абвінавачанні трэба было даказваць у судовым парадку. Дык яны не сталі валаводзіцца, а проста выслалі апантанага беларуса з Вільні, вядома, без асаблівай далікатнасці, нават “са здзекам”, як лічыў сам пісьменнік.
Выгнаны ён быў, як засведчана ў ягоных паказаннях, што захоўваюцца ў згаданай справе № 13036, “у нейтральную зону паміж Польшчай і Літвой”, адтуль пераехаў у тагачасную літоўскую сталіцу Коўна, потым трапіў у Дзвінск (Латвія), “дзе прабыў 4 месяцы, працаваў настаўнікам на Беларускіх настаўніцкіх курсах”. Але і Дзвінск прыйшлося пакінуць не па ўласнай волі. Палякі і там яшчэ раз арыштавалі яго, прывезлі ў Вільню, пратрымалі “пад вартай каля трох тыдняў”, а потым выпусцілі пад грашовы залог, аднак прапанавалі пакінуць Польшчу. “Але я на працягу зімы 1922 —1923 гадоў працаваў настаўнікам Беларускай гімназіі”, — прадаўжае свае паказанні пісьменнік.
Доўга цярпець такое непаслушэнства не маглі і польскія ўлады. К лету 1923 года яны звольнілі М. Гарэцкага з настаўніцкай пасады “як непажаданы элемент”. Ён жа не меў польскага грамадзянства, а жыў па часовым пасведчанні. Куды было кінуцца? Вось і пайшоў чалавек у савецкае пасольства за візай.
А ў Мінску зноў і зноў паўтаралі, што бяруцца папраўдзе будаваць Беларускі дом. Як было не паверыць, калі нешта і сапраўды пачыналі рабіць?
М. Гарэцкі прыехаў у Мінск восенню 1923 года. I паспеў яшчэ нямала зрабіць і як педагог-практык, і як даследчык роднай мовы і літаратуры, і як фалькларыст, і, вядома ж, як пісьменнік. У Савецкай Беларусі ён, акрамя ўжо згаданых твораў, выдаў напісаную яшчэ ў 1914 — 1919 гадах унікальную кнігу сусветнага гучання “На імперыялістычнай вайне”, з якой па сутнасці пачынаецца ўся наша ваенная дакументалістыка, выдатную антываенную аповесць “Ціхая плынь”(І930), цікавы зборнік апавяданняў пра мінулае Беларусі “Досвіткі” (1926), напісаў таксама вельмі арыгінальную “кнігу падарожжаў” “Сібірскія абразкі”.
1929-м годам датуецца зборнік апавяданняў “Люстрадзён”, які ўжо ніколі не друкаваўся асобнай кнігай — тады пачынаўся пагром беларускай культуры. I. М. Гарэцкі адразу адчуў гэта на сабе — з усёй кнігі яму толькі ў перыёдыцы ўдалося змясціць два апавяданні на міжнародную тэматыку. Ды і тыя былі даволі павярхоўнымі. Удушлівая атмасфера пагромнага часу абумовіла элементы сацыяльнай спрошчанасці і ў некаторых іншых творах з кнігі “Люстрадзён”.
Але і тады пісьменнік не зламаўся, не стаў безаглядна крычаць “ура!”. Найлепшы доказ таму — апавяданне са згаданага зборніка “Ашуканы палітрэдактар” (19І9). Гэта адзін з самых вострых, смелых ) і баявітых твораў той пары, калі дзяржаўны таталітарызм ужо выпускаў свае няўмольныя кіпцюры, а ўсёабдымная цэнзура бязлітасна душыла жывую думку.
I ў гзты час М. Гарэцкі з’едліва высмейвае менавіта цэнзуру і выдавецкія парадкі наогул.
Пісьменнік выходзіць у гэтым творы і на ўнутранага рэдактара, фактычна на самацэнзуру, у вогуле характэрную для таталітарных грамадстваў.
Пра гэтую з’яву, якая так часта на карані губіць добрыя намеры, у зародку нявечыць высокія задумы, савецкая літаратура змагла ска¬заць на старонках прэсы, здаецца, упершыню вуснамі А. Твардоўскага толькі ў перыяд хрушчоўскай “адлігі” . А. М. Гарэцкі замахнуўся на такое яшчэ ў 1929 годзе.
Закранаецца ў “Ашуканым палітрэдактары” і смяртэльна небяспечная на той час тэма нацдэмаўшчыны — палітычны ярлык, з дапамогай якога вынішчалася нацыянальная інтэлігенцыя. 3 правакацыйнай мэтай выдуманых самімі карнымі органамі нацдэмаў, якія нібыта стваралі падпольныя арганізацыі для барацьбы з савецкай уладай, тады, па ўсіх афіцыйных канонах, трэба было бэсціць апошнімі словам.
Магутная і канцоўка твора: “А над Менскам грымеў гром, былі перуны і ліло як з вядра”. А дна кароценькая фраза, усяго толькі пейзажны штрых, мазок, а колькі сказана і пра грамадскую атмасферу, бо перад намі па сутнасці празрыстая метафара, алегорыя таго жаху, што пачынаўся тады ў краіне. Так, было з-за чаго амаль шэсць з паловай дзесяцігоддзяў трымаць гэты твор пад арыштам.
Аўтар таксама быў арыштаваны ўжо не палякамі, а сваімі яшчэ больш жорсткімі цэрберамі з НКУС 18 ліпеня 1930 года. Пісьменніка абвінавацілі ў прыналежнасці да выдуманай антысавецкай арганізацыі “нацдэмаў” “Саюз вызвалення Беларусі”.
I хоць ён “вінаватым сябе не прызнаў”, але тым не менш быў асуджаны 10 красавіка 1931 года на 5 гадоў той самай вяцкай ссылкі, якая ўжо некалькі разоў упаміналася.
I ў турме ў Мінску, і ў выгнанні М. Гарэцкі, як ні цяжка было яму тады, знаходзіў нейкую магчымасць пісаць. Так, за турэмнымі кратамі ствараліся невялікія замалёўкі, апублікаваныя ў чатырохтомніку пад агульнай назвай “3 запісной кніжкі 1930 г.”, апавяданні “Джаліта”, “Вяселле”, “Маруся”, “Мяшчанскае каханне”, “Дырыжаблі” і інш., адабраныя следчым і не вернутыя ні самому аўтару, ні яго родным.
У высылцы на аснове матэрыялаў, якія збіраліся многа гадоў, была напісана “Камароўская хроніка”, працу над якой аўтар працягваў і пасля ссылкі — у кароткі прамежак “вольнага” жыцдя, калі ён настаўнічаў у Пясочні (тады Смаленская, цяпер Калужская вобласць); ствараліся толькі цяпер апублікаваныя творы: дарожны дзеннік з зашыфраванымі імёнамі людзей і геаграфічнымі назвамі “Кіпарысы, аўтабіяграфічны твор з моцным алегарычным пачаткам “Лявоніус Задумекус”. Яшчэ выразней алегарычная і абагульнена-сімвалічная паэтыка выяўляецца ў “Скарбах жыцця”, адносна якіх вядома толькі, што яны не маглі быць напісаны раней сакавіка 1935 года (гэта яшчэ ссылка), а магчыма, датуюцца і 1937-м (меркаванне Г. Гарэцкай).
I ўсе гэтыя творы, якія нараджаліся ўжо ва ўмовах несвабоды, і фармальна ўзаконенай, і неаб’яўленай, а фактычна існаваўшай, і трэба было ўсяго асцерагацца не толькі ў ссылцы, але і ў час настаўніцкай працы пасля яе, — усе яны сведчаць пра чалавечую і пісьменніцкую мужнасць М. Гарэцкага.
Узяць тую ж “Камароўскую хроніку”, у якой шырока выкарыстоўваюцца аўтабіяграфічны матэрыял, дакументальна-дакладныя звесткі, рэальныя факты і падзеі, звязаныя з жыццём родных і блізкіх пісьменніку людзей, аднавяскоўцаў з Малой Багацькаўкі, якая і атрымала ў творы назву Камароўка. Наша крытыка (А. Адамовіч) слушна лічыць “Камароўскую хроніку” дзённікава-хранікальнай эпапеяй пра лёс сялянскі ў XIX і XX стагоддзях, сялянскай энцыклапедыяй і нават Бібліяй. Асноўны пафас гэтага маштабнага твора — сцвярджэнне вялікай каштоўнасці духоўнага, маральна-этычнага набытку, назапашанага вёскай за тысячагоддзі. I ўжо гэтым сваім пафасам “Камароўская хроніка” выяўляла сваю рэзкую несумяшчальнасць з непахіснай тады марксісцкай догмай пра “ідыятызм вясковага жыцця”.
Хаця вайна супроць сялянства, калі яна закончыцца яго поўным знікненнем, мабыць, прывядзе-такі чалавецтва не толькі да абсолютнай маральнай дэградацыі, але і да фізічнай пагібелі.
Яўна не састыкоўвалася “Камароўская хроніка” і з рэальнай бальшавіцкай практыкай, у выніку якой і знішчалася вёска, знішчалася свядома, а селянін з клапатлівага і дбалага гаспадара ператвараўся ў прыгоннага работніка, не зацікаўленага ў сваёй працы. Так разбуралася эканамічная аснова краіны. А нам падносілі гэта як вялікі прагрэс, маўляў, вызваляем цёмнага мужыка ад уласніцкіх перажыткаў і патрыярхальнай забітасці. Вызвалілі...
Нават там, дзе празаік піша як быццам пра даўняе, напрыклад, пра сваё і братава пастушкоўства або пра наведванне парытых свіннямі могілак, ён так вядзе сваё ўмоўна-алегарычнае апавяданне, што яно ўспрымаецца як шырокае абагульненне пра трагічную долю краіны і народа. I гэтак вобразная плынь рухаецца скрозь, усюды, часта ўздымаючы сваю алегарычна-шматзначную, філасофскую абагульненасць да ёмістасці апакаліптычных прароцтваў.
Так вычытваюцца ў алегарычных малюнках “Скарбаў жыцця” згадкі пра масавыя рэпрэсіі тых гадоў.
“Ад уваходу направа, налева, і скрозь прад вачыма, на аперацыйных сталах, апушчаных у дол так нізка, — упокат ляжаць мерцвякі... і я з імі легчы мушу...”
I яшчэ: “Бачыў я велізарныя піраміды белых цёртых касцей. Бачыў я каналы, поўныя тухлай крыві. Страшыдлы веку скрыгочуць там страшна, і аглушліва, і безупынна... піхаюць там даўгімі дзідамі трупы нябожчыкаў па крыві”.
Пра што гэта? Можа, пра вымашчаны чалавечымі касцямі Беламорскі канал, на тысячы ладоў услаўленіа афіцыйнай літаратурай, якая бачыла (па падказцы Ягоды, які выконваў волю Сталіна!) у той, шчодра палітай людскою крывёй “вялікай будоўлі”, кузню, дзе нібыта выкоўваўся “новы чалавек”? Зноў жа вельмі нават верагодна. Тым больш, што там давялося працаваць і зняволенаму М. Гарэцкаму. Яго двойчы прыгаворвалі да расстрэлу, які потым двойчы замяняўся лагерным тэрмінам.
Ў “Лявоніксе Задумекусе” ўпамінаецца “вусаты з чорнымі вачыма”, які смяецца з “нацдэмаў”. Ці не прамы гэта ківок на Сталіна?
У “Кіпарысах”, якія, паўтару, пісьменнік пісаў у высылцы, але па ўражаннях ад паездкі ў Крым у 1928 годзе, шмат звычайных, можна сказаць, нейтральных у ідэалагічным сэнсе замалёвак. Але і там ёсць “выбуховы” матэрыял, які тагачасныя ахоўнікі ідэалагічнай рэгламентаванасці павінны былі разглядаць як “крымінал”. Гэта перш за усё вострыя размовы пра нацыянальныя праблемы, згадкі пра неўладкаванасць людскога жыцця (чэргі за хлебам, праявы голаду, абрэзка зямлі ў чалавека, які мае дзесяць дзяцей, і інш.). Такія штрыхі штодзённага побыту таксама не пускаліся ў літаратуру, бо яны разбуралі міф пра сацыялістычную ідылію ў краіне.
Словам, трагічны лёс М. Гарэцкага ў тых умовах быў прадвырашаны. Апошні раз пісьменніка арыштавалі 4 лістапада 1937 года. Арышту папярэднічаў данос лайдакаватага настаўніка, накіраваны ў “Правду”. Следчыя арганізавалі фальсікаваныя паказанні, пры рэабілітацыі аб- вергнутыя судом, прыпісалі М. Гарэцкаму “шпіянаж у карысць Польшчы”, “контррэвалюцыйную работу”, “тэрарыстычныя і контррэвалюцыйныя намеры” і іншую стандартную па тых часах лухту, сур’ёзна даказваць якую ніхто і не збіраўся. Дастаткова было таго, што чалавека судзілі раней, у 1931 годзе, хоць таксама беспадстаўна.
Каты Максіма Гарэцкага напісалі, што ён быў “непрымірымым ворагам савецкай улады”. А ён не мог прымірыцца не з савецкай уладай, на якую некалі ўскладваў вялікія надзеі, а з тым, што ад яе імя вынішчаліся наш народ, наша культура, літаратура, мова. Сталінскія апрычнікі не даравалі яму менавіта гэтага — шчырай адданасці беларускай ідэі, беларускаму нацыянальнаму адраджэнню.
Смяротны прысуд нашаму выдатнаму пісьменніку вынесла тройка Смаленскага УНКУС 5 студзеня 1938 года, а дзесятага лютага яго расстралялі. Хутчэй за ўсё ў Вязьме, бо там ён сядзеў у турме, калі яму вызначылі расстрэл.
Цяпер на месцы пакарання зняволеных вяземскай турмы ўзведзены помнік. На чорнай стэле з лабрадарыту выбіты такія словы:"Верагодна, на гэтым месцы, дзе пахаваны сотні вядомых і невядомых людзей, ахвяраў рэпрэсій, знаходзіцца прах беларускага пісьменніка, вучонага, педагога Максіма Іванавіча Гарэцкага".
Фальсіфікацыя працягвался і пасля смерці пакутніка. Ад яго род¬ных амаль тры гады хавалі тое, што невінаватага чалавека знішчылі. А потым паведамілі, што ён памёр ад кровазліцця ў мозг 20 сакавіка 1939 года ў пасёлку Вожаэль Комі АССР. Гэтая дата і давалася ва ўсіх ранейшых публікацыях пра пісьменніка.
Яго загубілі ў 45 гадоў (без 80-ці дзён). Мог бы яшчэ жыць і жыць, бо ён выйшаў з магутнага сялянскага роду, прадстаўнікі якога жылі і па сто з лішнім гадоў. Гэты род даў двух выдатных вучоных, нашых акадэмікаў — Гаўрылу Іванавіча Гарэцкага і яго сына Радзіма, цяпер віцэ-прэзідэнта АН Беларусі. Таленавітым даследчыкам, памятлівым на жывое народнае слова, сцвердзіла сябе дачка пісьменніка Галіна якая багата зрабіла для захавання і публікацыі бацькавай спадчыны Сын Максіма Іванавіча Леанід таксама рос неардынарным чалавекам пра што сведчаць ягоныя лісты (яны апублікаваны). Ён загінуў у няпоўныя 22 гады, баронячы краіну ад гітлераўцаў. Загінуў у дзень нараджэння бацькі. Злы рок?
Максім Іванавіч моцна падарваў здароўе на імперыялістычнай вайне: было цяжкае ранение пад Сталупененам ва Усходняй Прусіі, і потым гібенне ў акопах на балотных абшарах Піншчыны, у выніку якога пісьменнік, як ён сам казаў, “цяжка захварэў і ледзь не памёр.” Аднак тады лёс усё ж злітасцівіўся. I мастак пры кожнай зручнай нагодзе працаваў на поўную сілу. Пры нязручнай — таксама. І за свае 45 ён зрабіў столькі, колькі рэдка каму ўдаецца і за намной даўжэйшае жыццё. А колькі яшчэ мог бы зрабіць!|
* * *
У артыкуле ішла гаворка пераважна пра тыя творы пісьменніка якія да нядаўняга часу зусім абміналіся ці не маглі быць прааналізаваны без агаворак і ўмаўчанняў. А трэба было б яшчэ сказаць і пра найтанчэйшы псіхалагізм прозы М. Гарэцкага, пра яе вялікую праблемнасць, інтэлектуальнасць і філасофскую глыбіню, якая найяскравей выявілася ў апавяданнях “Габрыелевы прысады”, “Ідуць усе — іду я”, у “абразках жыцця” “Антон”, у тых жа “Скарбах жыцця”, але адчуваецца і ў многіх іншых творах. Пра імкненне пісьменніка да жанравага і стылёвага абнаўлення нашай літаратуры (апавяданні з гістарычнай тэматыкай, дакументальная і дакументальна-мастацкая проза, проза драматызаваная, творы эпісталярнай формы — у выглядзе лістоў; стыль канкрэтна-рэалістычны, моцны сваёй грунтоўнасцю і дакладнасцю, заглыбленасцю ў жыццёвую паўсядзённасць, у побытавыя асновы народнага жыцця і паэтыка ўзнёсла-рамантычная, адметная яркасцю рэдкіх фарбаў, гранічнай пачуццёва-эмацыянальнай насычанасцю, а таксама пісьмо гумарыстычнае і з’едліва-сатырычнае). Пра ягоныя здабыткі ў дзіцячай літаратуры, заслугі ў развіцці бела¬рускай літаратурнай мовы, якой ён валодаў, як рэдка хто з нашых самых вядомых майстроў.
А.М. Гарэцкі — даследчык літаратуры і крытык... Тутён вылучаўся не толькі разумением важнасці гэтай галіны пісьменніцкай працы, але і тым, што сам быў майстрам самых розных крытычных жанраў і ўмеў спалучаць патрабавальнасць і добразычлівасць, паказваць і недахопы, і вартасці тых твораў і пісьменнікаў, якім прысвячаў свае рэцэнзіі, артыкулы, даследаванні.
Спецыяльнай гаворкі заслугоўвае і праца М. Гарэцкага ў галіне мовазнаўства і фалькларыстыкі, яго вельмі пленная педагагічная дзейнасць і ў Беларускй гімназіі ў Вільні, і ў БДУ і іншых навучальных установах у Мінску, і ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Гэты чалавек з добрай душой і пакутніцкім лесам валодаў надзвы¬чай багатым, яркім і шматгранным талентам. Ён выразна адчуваў патрэбы беларускай літаратуры, культуры, нацыянальнага адраджэн¬ня і гатовы быў рабіць усё дзеля таго, каб беларуская ідэя ўвасобілася ў жыццё, паставіла наш народ нароўні з іншымі цывілізаванымі наро¬дамі свету.
За сваю непахісную вернасць роднаму карэнню, беларускай справе ён заплаціў уласным жыццём. Доля трагічная. Але ў падзвіжнікаў яна рэдка бывае іншай. Ды без іх не робяцца вялікія справы, не выходзяць, не вяртаюцца прыгнечаныя народы на шырокія гістарычныя прасцягі. Мы пры добрых варунках таксама вернемся, вернемся абавязкова, калі сярод многіх вялікіх спраў, якія чакаюць нас наперадзе, не будзем забывацца заўсёды па-сапраўднаму ўшаноўваць такіх нашых будзіцеляў, як Максім Гарэцкі і іншыя сыны нацыі.