Алег Дышлевіч
З плеяды “нашаніўскага” рэнесансу : споўнілася 100 гадоў ад дня народзінаў вялікага сына беларусі Максіма Гарэцкага
Пачатак XX стагоддзя быў часам тытанаў, надзвычай таленавітых людзей, на якіх асабліва шчодраю была наша зямля ў гады Высокага Адраджэння, у “нашаніўскую” пару. Гэта была эпоха Цёткі, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Ядвігіна Ш., Максіма Багдановіча і Сяргея Палуяна, Аляксандра Уласава, Вацлава Ластоўскага і братоў Луцкевічаў... I пералік можна яшчэ доўжыць.
Кожны з названых выдатна выявіў сябе ці то ў культуры, ці то ў навуцы, ці то ў грамадска-палітычным жыцці, а то і ва ўсіх галінах адразу. I тут можна правесці паралель з эпохай еўрапейскага Рэнесансу XVI стагоддзя, эпохай, якая, паводле словаў Маркса, “спарадзіла тытанаў па сіле думкі і страсці”. Рэнесанс тады вылучыў на Беларусі шэраг дзеячоў агульнаеўрапейскага маштабу — Францішка Скарыну, Міколу Гусоўскага, Яна Вісліцкага, Мацея Казіміра Сарбеўскага, Сымона Буднага, Васіля Амельяновіча-Цяпінскага і яшчэ дзесяткі і сотні іншых не менш выдатных асобаў.
Да бліскучай плеяды “нашаніўскага” Рэнесансу належыць і Максім Гарэцкі — адзін з пачынальнікаў беларускай псіхалагічнай прозы, аўтар першых буйнамаштабных твораў у ёй, выдатны навуковец- літаратуразнаўца (яму належыць грунтоўная праца, першая “Гісторыя беларускае літаратуры”, прызнаная спецыялістамі за адну з лепшых, якая ў міжваенны час была падручнікам у школах і ВНУ і вытрымала некалькі выданняў), педагог і грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся М. Гарэцкі 18лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павету Магілёўскай губерні, у сялянскай сям’і Івана і Еўфрасінні Гарэцкіх.
Глядзіш на іхныя струджаныя рукі і змардаваныя працай твары, запомненыя фотаздымкай таго часу, і разумееш, што хлеб сабе і дзецям здабывалі бацькі нялёгка. Да таго ж патрапілі не толькі добра выхаваць сваіх дзяцей, але й даць ім адукацыю (малодшы брат Максіма — Гаўрыла Гарэцкі — таксама стаў выдатным навукоўцам, акадэмікам АН Беларусі).
Вучыўся Максім Гарэцкі ў школе граматы ў роднай вёснцы, потым у другакласнай школе ў суседняй Вольшы, а з 1903 па 1913 год — у Горы-Горацкай агранамічна-каморніцкай вучэльні. На гэты час і прыпадае пачатак творчасці пісьменніка. У “Нашай Ніве” 26 верасня 1912 года з’яўляецца ягоны першы допіс, 25 студзеня 1913 — першае апавяданне “У лазні”, а праз год ён — дваццаціаднагадовы юнак — ужо аўтар першай кнігі прозы “Рунь” (1914 год, Вільня, друкарня Марціна Кухты) і шэрагу значных публіцыстычных артыкулаў пра беларускую літаратуру. Але перад тым была Вольша, настаўнік Кцітараў які прышчапіў яму любоў да мастацтва і, у прыватнасці, да літаратуры. Тут Максім захапіўся паэмай “Тарас на Парнасе”, “Панскім ігрышчам” Ф. Тапчэўскага, тут ён пачаў усведамляць сябе як нацыянал, як сын вялікага і гаротнага народа, імя якому — Беларускі. Затым быў гурток энтузіястаў роднай мовы і культуры ў Горы-Горацкай вучэльні.
Зборнік “Рунь” прыхільна сустрэлі чытачы і высока ацаніў Максім Багдановіч у артыкуле “Беларускае Адраджэнне”. Крытык адзначаў Гарэцкага як мастака новай, арыгінальнай манеры ў адборы жыццёвага матэрыялу і індывідуальна-мастацкай інтэрпрэтацыі яго, як пісьменніка, які ўзбагачае нашую прозу рознымі кампазіцыйна-стылявымі формамі. Даследчыкі пазней падкрэслівалі заслугу Гарэцкага ў тым, што ён канцэптуальна па-новаму зірнуў на беларускага селяніна, ён адным з першых выводзіць у беларускай літаратуры і вобраз інтэлігента-адраджэнца.
Па сканчэнні агранамічна-каморніцкай вучэльні пісьменнік працуе на Віленшчыне. У гэты час юнак марыць пра паступленне на гісторыка-філалагічны факультэт універсітэту, бо цвёрда перакананы, што Беларушчыне “настаўнікі больш патрэбныя, чым каморнікі і аграномы”. Але перад самай імперыялістычнай вайной Максіма Гарэцкага паклікалі “паслужыць цару і ацечаству”, а потым — жорсткія баі ва Усходняй Прусіі, цяжкае раненне пад Сталупенем, лячэнне ў віленскім шпіталі, дзе ім “апекавалаея Цётка і супрацоўнікі “Нашай Нівы”, затым зноў фронт, Паўлаўская ваенная вучэльня прапаршчыкаў у Пецярбурзе, служба ў Іркуцку, Гжацку, акопы пад Пінскам, хвароба, лячэнне, камісацыя “па белым білеце”...
Пра гэта пазней Гарэцкі напіша: “...на пазіцыі месяцаў дзесяць, а то ўсё ці лячыўся, ці ў тыле бадзяўся...”. Але кароткага тэрміну пабыцця на фронце хапіла, каб з дзённікавых запісаў стварыць выдатны дакументальна-мастацкі твор “На імперыялістычнай вайне”, які можна паставіць упоравень з лепшымі кнігамі пра вайну Л. Талстога, В. Верасаева, А. Барбюса, Э.М. Рэмарка. У ім — вытокі беларускай ваеннай прозы, каторая неўзабаве, дзякуючы таленту В. Быкава, А. Адамовіча, стала адной з сама чытэльных у свеце.
Гарэцкі першы ў нашай літаратуры сказаў горкую праўду пра захопніцкую імперыялістычную вайну і раскрыў ейную антыгуманную сутнасць. У “Запісках салдата” (гэткую падназву мае кніга) выразна праводзіцца думка, што вайна нясе гора і пакуты роўна ўсім народам, але, нявечачы людскія лёсы, яна не можа вытруціць чалавечае ў чалавеку, а, наадварот, робіць людзей чулымі да чужой бяды і духоўна з’ядноўвае іх.
У 1919 годзе ў Вільні Гарэцкі выдае адну з лепшых сваіх аповесцяў “Дзве душы”. Кнігу гэтую напаткаў вельмі нешчаслівы лёс: яна блізу не на семдзесят гадоў была пазбаўлена масавага чытача. У ёй пісьменнік працягвае тэму героя-інтэлігента, пачатую ў ранніх творах (апавяданне “Улазні”, “Роднае карэнне”, аповесці “У чым яго крыўда?”, “Меланхолія”), але галоўны герой аповесці Ігнат Абдзіраловіч; у адрозненне ад папярэдніх (Кліма Шамоўскага і Лявона Задумы), змешчаны ў іншую, вельмі складаную і супярэчлівую рэвалюцыйную эпоху. У аповесці “Дзве душы” Максім Гарэцкі паказаў пакутлівы шлях маладой беларускай інтэлігенцыі да ідэі Бацькаўшчыны.
З пачатку 1919 году пісьменнік прыязджае ў Вільню, дзе займаецца выдавецкай і навуковай дзейнасцю, выкладае ў беларускай гімназіі (пра Гарэцкага-педагога пакінула поўныя ўдзячнасці ўспаміны адна з найвыдатнейшых паэтак нашай эміграцыі Наталля Арсеннева, якую менавіта ён заахвоціў да паэтычнай творчасці), працуе рэдактарам і выдаўцом газёт “Наша думка” і “Беларускія ведамасці” (1920—1922 гады). Тут, у Вільні, у друкарні кааператыўнага таварыства “Друк” у 1920 годзе выходзіць ягоная “Гісторыя беларускае літаратуры”, дзе Гарэцкі надзвычай цэласна выклаў уласную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры. Толькі ў 20-х гадах гэтая кніга вытрымала пяць выданняў, у якіх аўтар удасканальваў, дапаўняў сваю працу. У 1922 годзе Гарэцкі выдае хрэстаматыю беларускай літаратуры (ад XI ст. да 1905 г).
Апроч літаратуразнаўчых прац пісьменніку належыць шэраг мовазнаўчых (“Маскоўска-беларускі слоўнік”, 1918 г., разам з Г. Гарэцкім; “Практычны расійска-беларускі слоўнік”, 1926 г., разам з Байковым і інш.), а таксама артыкулы пра беларускі тэатр, запісы народных песень з мелодыямі і інш.
У 1922 годзе за актыўную беларускую дзейнасць Максім Гарэцкі быў звязнены польскімі ўладамі ў Лукішскай турме, у адзіночнай цэлі. Пасля вызвалення пісьменнік з сям’ёй (жонкай Гарэцкага была беларуская дзіцячая пісьменніца Леаніла Чарняўская (1893 —1976) у 1923 годзе рашаецца на зварот у савецкую Беларусь. Акрылены поспехамі беларусізацыі на Радзіме, Гарэцкі актыўна ўлучаецца ў культурна-грамадскую дзейнасць: выкладае на рабфаку універсітэта, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаецца літаратурнымі даследаваннямі ў Інбелкульце (пазней у АН БССР). Не пакідае і літаратурнай працы. Выдае зборнік апавяданняў “Досвіткі”(1926), аповесць “Ціхая плынь”(1930), піша п’есы і драматычныя абразкі “Жартаўлівы Пісарэвіч”(1925), “Чырвоныя ружы”(1926), “Гапон і Любачка” (1929) і інш. Працуе Гарэцкі і над буйнымі творамі — раманамі “Віленскія камунары” (1932) і “Камароўская хроніка”(застаўся няскончаным).
Але настаюць часы бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Ужо звязненыя Францішак Аляхновіч і Вацлаў Ластоўскі, скончыў самагубствам прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, пачалося планамернае вынішчэнне нашай творчай інтэлігенцыі, жудасны паводле сваіх памераў генацыд супроць беларускага народу. Ахвярамі яго стала і сям’я Гарэцкіх. У 1931 годзе Максім Гарэцкі быў сасланы ў Вятку, куды неўзабаве прыехала жонка з дзецьмі — Леанідам і Галінай. З вялікімі цяжкасцямі сям’я пражыла там да 1935 года. Пасля сканчэння тэрміну ссылкі Гарэцкаму не —дазволілі-вярнуцца на Беларусь. Тады пасяліліся ў пасёлку Пясочня Калужскай вобласці, дзе пісьменнік працаваў пэўны час выкладчыкам у сярэдняй школе, дарабляў свае раманы, пасылаў у Менск, але адтуль было маўчанне.
Неўзабаве Максіма Гарэцкага арыштоўваюць другі і ўжо апошні раз. Яго не стала, як дазнаўся пляменнік пісьменніка Радзім Гарэцкі, не ў 1939, а ў 1938 годзе. Вырак быў выкананы прысланым з Масквы оперупаўнаважаным.
Вось так хутка, проста і празаічна вяршылі бальшавікі лёсы асобаў і цэлых народаў.
Аднак яны не маглі знішчыць нацыянальную душу. I сведчанне гэтаму — наш беларускі рух сёння. Ён — няўнікнёнасць часу і працяг той справы, якую рабілі на пачатку стагоддзя Максім Гарэцкі і ягоныя паплечнікі.