|
Закрыццё праекта |
|
Слаўны сын мсціслаўскае зямлі, Што валодаў таямніцай слова, Прагны быў да волі і жыцця І да беларускай роднай мовы. А.Азаранка |
15 лістапада ў цэнтральнай бібліятэцы прайшоў круглы стол з нагоды закрыцця праекта «Ён думкай і словам служыў Беларусі», прысвечанага 125-годдзю класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Праект быў распрацаваны сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў бібліятэкі і гісторыка-этнаграфічнага музея і стартаваў 21 лютага ў Дзень роднай мовы. У рамках праекта за час яго рэалізацыі было праведзена 51 культурна-асветніцкае мерапрыемства, іх наведала 1537 чалавек. Гэта былі творчыя сустрэчы з горацкімі літаратарамі, экскурсіі, гутаркі, мабільныя выставы.
Падчас круглага стала арганізатары, каардынатары і ўдзельнікі падвялі вынікі васьмімесячнай працы праекта, выказалі меркаванні наконт яго рэалізацыі. Так, са словам выступілі дырэктар ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» Ірына Пачэкіна, дырэктар ДУК «Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей» Святлана Макеева, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова, загадчыца аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі Алена Марозава, удзельнікі праекта Лідзія Андрэева, Алеся Азаранка, Таццяна Гаўрыленка.
Быў і ўрачысты момант! За актыўны ўдзел у працы праекта і супрацоўніцтва з установамі культуры былі ўзнагароджаныя падзякамі людзі, дзякуючы якім праект атрымаўся цікавым, яркім і запамінальным. Гэта нашы літаратары-землякі: Лідзія Андрэева, Аляксандр Клачкоў, Анатоль Прохараў, Таццяна Гаўрыленка, Таіда Рэдказубава – людзі, з якімі ў рамках праекта прайшоў цыкл творчых сустрэч пад адзінай назвай «Літаратурныя традыцыі Горацкай зямлі». Падзяку атрымала і Алеся Азаранка – пераможца раённага літаратурнага конкурсу «Зямлі маёй чароўныя напевы», які праходзіў у рамках праекта. Падчас круглага стала яна вельмі пранікнённа прадэкламавала ўласны верш «Максім Беларус», з якім удзельнічала ў конкурсе.
Усе прысутныя адзначылі важнасць праекта ў справе папулярызацыі творчасці Максіма Гарэцкага, раскрыцця творчага патэнцыялу жыхароў раёна праз іх удзел у праектных конкурсах і мерапрыемствах.
Праект завяршыўся, але праца па ўшанаванні памяці і папулярызацыі творчасці класіка беларускай літаратуры, чалавека, імя якога цэнтральная бібліятэка носіць 25 год - працягваецца.

















































