|
Сэрца аддаю народу |
30.09.2026 |
«Тварыць – штодзённа, апантана
Для чалавека значыць – жыць».
Ніл Гілевіч
30 верасня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння апошняга з васьмі народных паэтаў Беларусі, перакладчыка, літаратуразнаўцы, фалькларыста, драматурга, вучонага Ніла Сымонавіча Гілевіча. Яго творчую спадчыну цяжка змясціць у адно вызначэнне: ён пісаў вершы і паэмы, даследаваў беларускую літаратуру і народную песню, збіраў фальклор, перакладаў творы замежных аўтараў, ствараў драматычныя творы, публіцыстыку. Пры гэтым цэнтральным для ўсёй яго творчасці заставалася слова – роднае, жывое, пачутае ў дзяцінстве і пранесенае праз усё жыццё.
Ніл Гілевіч нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Слабада Мінскай вобласці. Гілевіч пісаў вершы і паэмы, займаўся літаратуразнаўствам і перакладаў на беларускую мову творы з балгарскай, рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў. У яго творчасці часта гучаць тэмы роднай зямлі, народнай памяці, любові і захавання беларускай мовы, выявы маці і роднай мовы прыраўноўваюцца да малой радзімы, да маці-Беларусі, беларускай народнай песні, якая сімвалізуе душу нацыі, яе самабытную культуру.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Болей за 100 яго вершаў былі пакладзены на музыку, а многія песні сталі народнымі хітамі. Верш паэта «Вы шуміце, бярозы», пакладзены на музыку Ігара Лучанка, стаў бессмяротным шлягерам «А я лягу-прылягу», які выканаў вакальна-інструментальны ансамбль «Сябры». Шмат увагі надзяляў збору беларускай спадчыны, вуснай народнай творчасці. Пад яго рэдакцыяй выйшлі некалькі тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Да слаўнага юбілею пісьменніка ў бібліятэках сеткі арганізаваны спецыяльныя кніжныя выставы: «Маё багацце ўсё – ў слове», «Ніл Гілевіч: паэт Беларусі», «Ніл Гілевіч: вершы і жыццё», «Ісціна, адвечная, як свет», «Захавальнік і абаронца беларускасці», «Паэтычны голас сумлення». Літаратурная спадчына Ніла Гілевіча прадстаўлена на выставах зборамі твораў, выбранымі творамі паэта, асобнымі кнігамі паэзіі, зборнікамі сатыры і гумару, творамі для дзяцей, кнігамі літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, работамі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, зборнікам п'ес, калектыўных выданнях і часопісах, а таксама публікацыі, прысвечаныя літаратурнай і грамадскай дзейнасці пісьменніка. Дапаўняюць экспазіцыю матэрыялы аб жыццёвым і творчым шляху юбіляра.
Сёння творчасць Ніла Гілевіча застаецца жывым напамінам пра чалавека, для якога любоў да роднага слова была справай усяго жыцця. Яго ўласныя словы аб тым, што багацце чалавека – у яго слове, сёння гучаць асабліва дакладна: слова Ніла Гілевіча працягвае жыць у беларускай культуры.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|























































