|
Таямніца неўміручасці Кандрата Крапівы |
04.03.2026 |
Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе: я – пякучка-крапіва.
Кандрат Крапіва
5 сакавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка, паэта, сатырыка, драматурга, перакладчыка КАНДРАТА КРАПIВЫ (сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч).
З яго п’есамі і байкамі знаёмы кожны паважаючы сябе беларус. Сатырычныя вершы майстра цытуюць радкоўямі, добра памятаючы і ягоныя крылатыя выразы: «Другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Парсюк не надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы», «каня як чорт панёс, — дзе ўзяліся й ногі!»…
Міжволі задаешся пытаннем: у чым хаваецца прычына такой яго бессмяротнай славы? І думаецца, што самым папулярным адказам было б прызнанне яго сатырычнага таленту, захапленне даступнасцю, дасціпнасцю яго баек, камедый, паэм, выключнай яркасцю створаных ім мастацкіх вобразаў. Пісьменнік шырока глядзіць на жыццё і глыбока пранікае ў яго тайнікі: ён бачыць у ім гераічнае, і трагічнае, і смешнае. Не здарма яго сатырычныя творы хлёстка «прыпякалі» лайдакоў, ілгуноў, бюракратаў, кар’ерыстаў, высмейвалі адмоўныя рысы чалавечага характару.
Лепшыя творы Крапівы – байкі, сатырычныя камедыі, драмы – перажылі свой час. Дзесяткі яго твораў ўваходзяць у залатую калекцыю беларускай літаратуры 20 стагоддзя. Усё, што напісана Кандратам Кандратавічам, актуальна і сёння, бо чалавецтва, на жаль, не спяшаецца пазбавіцца невыкараняльных заганаў. А сатыра Крапівы, на думку крытыкаў, – гэта такі згустак вострага народнага розуму, смеху, абсмейванні зла і сцвярджэнні дабра, якіх да яго не ведала беларуская літаратура. Невыпадкова многія сучасныя літаратуразнаўцы параўноўваюць яго творчую дзейнасць з укладам Крылова ў сусветную літаратурную скарбніцу.
Аднак шматграннасць таленту Кандрата Крапівы вымяраецца не толькі разнастайнасцю і колькасцю яго сатырычных твораў. Сёння не можа не ўразіць выключная рознабаковасць творчых і навуковых інтарэсаў пісьменніка. Удумлівы празаік (раман «Мядзведзічы»), дапытлівы мовазнаўца (навуковы рэдактар «Русско-белорусского словаря» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977 – 1984) і інш.), праніклівы крытык і літаратуразнаўца (артыкулы «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт – аснова п’есы» (1954), прафесійны перакладчык (пераклады з рускай, украінскай, англійскай моў) – гэта далёка не поўны пералік напрамкаў дзейнасці Кандрата Крапівы.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Асобных слоў заслугоўвае навуковая дзейнасць Крапівы. Народны пісьменнік Беларусі, доктар філалагічных навук, акадэмік, Герой Сацыялістычнай працы, ён распрацаваў і выдаў некалькі слоўнікаў, напісаў мноства работ па мовазнаўстве, дзякуючы чаму значна ўзбагацілася і ўдасканалілася беларуская літаратурная мова. Па гэты дзень мы карыстаемся менавіта яго Руска-беларускім і Беларуска-рускім слоўнікамі, выдадзенымі пад яго рэдакцыяй.
Да юбілею пісьменніка бібліятэкі сеткі падрыхтавалі выставы, каб яшчэ раз нагадаць бессмяротныя і актуальныя ва ўсе часы творы сатырыка: «Таямніца неўміручасці», «Мастак сатырычнага слова», «Кандрат Крапіва – мастак сатырычнага слова», «Чытаем байкі Кандрата Крпапівы», «Майстар слова і пяра», «Кандрат Крапіва: мастак сатырычнага слова», «Будзе Крапівы слова гучаць…».
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
На літаратурных выставах экспанаваны як выданні літаратурна-крытычнага і даведачнага характару, якія раскрываюць шматграннасць сатырычнага таленту класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы, так і шматлікія аўтарскія выданні: збор твораў пісьменніка ў 6-ці тамах, выбраныя творы, кнігі вершаў, баек, паэм і эпіграм.
Гумарыст і сур’ёзны навуковец. Паліглот, які ведаў пяць моў. Рамантык, які любіў прыроду, рыбалку, коней. Вялікі камбінатар, здольны гадзінамі праседжваць за дошкай з шахматнымі фігурамі. Ён сапраўды быў апантаны ўсёй той разнапланавай дзейнасцю, якой прысвяціў усё сваё жыццё. Гэта прыклад мэтанакіраванага чалавека, які знаходзіўся ў рабоце ад пачатку свайго жыцця і да самага яго канца.
Ён занадта добра ведаў жыццё і заўсёды, што называецца, вызначаў сутнасьць. Ён апранаў заганы ў камедыйныя абліччы і ўмеў знаходзіць вобразы, якія чапляюць. Вучыў бачыць чорнае і белае і заўсёды разумеў, хто павінен смяяцца апошнім.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
























































