|
Іван Шамякін: талент, непадуласны часу |
30.01.2026 |
«Сюжэты мне падкідвае жыццё»
Іван Шамякін
30 студзеня 2026 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка і лаўрэата шматлікіх прэмій Івана Пятровіча Шамякіна.
Больш за шэсцьдзясят гадоў Іван Пятровіч аддана служыў беларускай літаратуры. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх твораў мастацкай прозы, п’ес, сцэнарыяў і кніг публіцыстыкі, якія ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай культуры.
У творчай спадчыне Івана Шамякіна – 12 раманаў, 26 аповесцяў, 10 п’ес, дзясяткі апавяданняў, велізарная колькасць артыкулаў і нарысаў, дзённікі. Творчасць пісьменніка грунтуецца на яго біяграфіі, жыццёвым і духоўным вопыце, уласным адчуванні жыццёвага шляху і пастаянным развіцці літаратуры, што ў сукупнасці адлюстроўваецца ў яго кнігах.
Да юбілею Шамякіна ў бібліятэках сеткі падрыхтаваны кніжныя выставы: «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», «Талент, непадуласны часу», «Іван Шамякін: чалавек вялікай душы і таленту», «Сын свайго часу», «Іван Шамякін: творчасць і лёс», «Чалавек вялікай душы і таленту», «Іван Шамякін: старонкі творчасці», «Самы сучасны пісьменнік», «Іван Шамякін: чалавек, драматург, майстар». На экспазіцыях можна пазнаёміцца з багатай спадчынай аўтара: зборам твораў розных гадоў, асобнымі творамі, выданнямі аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Іван Шамякін – прызнаны майстар айчыннай мастацкай прозы, класік беларускай літаратуры, адна з самых значных фігур у культуры нашай краіны. Яго творы шырока вядомыя і папулярныя сярод чытачоў таму, што ён умеў выбіраць актуальныя, цікавыя для народа тэмы, спрабаваў заўважаць новыя, тыповыя рысы ў свядомасці і паводзінах людзей. Вобразы яго твораў зразумелыя і блізкія кожнаму чытачу. Творчая і грамадская дзейнасць Івана Пятровіча Шамякіна — прыклад самаадданага служэння роднай літаратуры, беларускай культуры і свайму народу. Яго кнігі выходзілі мільённымі тыражамі, перакладаліся на многія мовы, станавіліся асновай кіна- і тэатральных пастановак. Яшчэ пры жыцці пісьменнік быў прызнаны класікам беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Іван Пятровіч быў і застаецца праўдзіва народным пісьменнікам, чыё слова стала падмуркам сучаснай беларускай культуры. Яго спадчына – гэта люстэрка, у якім адбілася цэлая эпоха. Ён пакінуў нам не проста кнігі, а сапраўдны летапіс чалавечых душ. Шамякін навучыў нас любіць сваю зямлю і шанаваць свет, які дастаўся такой дарагой цаной. Яго «Сэрца на далоні» па-ранейшаму б 'ецца ва ўнісон з нашымі сэрцамі, нагадваючы, што ў любыя часы самым важным застаецца ўменне чуць іншага і берагчы сваю чалавечнасць.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
























































